Скриншот эфира "Беларусь 1"
У навагоднім звароце Аляксандр Лукашэнка абвесціць тэматыку будучага года. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” заявіла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.
“Было шмат варыянтаў. І ў гэтым годзе некаторыя з іх былі адкладзеныя, некаторыя адхіленыя. Тэматыка будучага года, я абсалютна ўпэўненая, трапіць ва ўсіх, зойдзе ўсім і зачэпіць. Гэта дакладна, — запэўніла яна. — Гэта будзе зусім асаблівы год. Гэта была асабістая ідэя і прапанова прэзідэнта”.
Яна паведаміла, што прамова будзе і “класічнай”, і “нестандартнай”, а ў аснову вырашылі пакласці “канкрэтныя справы”, якія, паводле слоў Эйсмант, азнаменавалі год.
“Фінальная версія навагодняга звароту прэзідэнта ў нас, натуральна, ужо ёсць. Ён будзе і класічным — па сваёй асноўнай форме, і, калі браць у больш шырокім фармаце, усё ж такі нестандартным, — сказала яна. — Па-першае, наш слоган, з якім мы жывём, напэўна, апошнія паўгода кожны дзень: “Час канкрэтных спраў!”. Прэзідэнт паказвае сваім прыкладам. І мы захацелі нагадаць, што ў гэтым годзе ў прэзідэнта быў час канкрэтных спраў — прэзідэнцкі 2025 год, якім ён быў. Мы знайшлі фармат, каб трошкі нагадаць пра гэта гледачу”.
Паводле слоў Эйсмант, інтрыга таксама ёсць у тым, якія асаблівыя словы і каму Лукашэнка адрасаваў у фінале гэтага года.
“Гэта момант, на які звернуць увагу. Прэзідэнт даў зразумець і сказаў тое, што ён хацеў сказаць”, — заявіла яна.