Пад Віцебскам знайшлі каменны крыж з пахавання панцырнага баярына

30 сакавіка ў вёсцы Кароўка Віцебскага раёна супрацоўнікі «Водаканала» дасталі з зямлі каменны крыж. На наступны дзень артэфакт прывезлі ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей.

На крыжы можна прачытаць надпіс кірыліцай. Беларускі гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў сцвярджае, што крыж паходзіць з надмагілля Герасіма Ігнатовіча Ушаковіча-Кароўчынскага — панцырнага баярына 1630-х гадоў (панцырныя баяры мусілі несці вайсковую службу на кані і ў панцырным узбраенні).

Гісторык прачытаў надпіс на крыжы і апублікаваў яго ў сваіх сацсетках.

Не ўсе літары па фота можна зручна разгледзець, але асноўны тэкст чытаецца ўпэўнена, толькі наконт апошніх літар-лічбаў ёсць сумневы, адзначыў даследчык.

«[Сеи?] крыжъ стоить [за] небощыкомъ славное памети Гарасимомъ Игнатовичомъ Ушаковичомъ Коровчинскимъ року 1639».

Каменны крыж з вёскі Кароўка Віцебскага раёна. Фота: сацсеткі

У каментарах да допісу віцебскі гісторык Дзяніс Юрчак падзяліўся падрабязнасцямі знаходкі крыжа: «Крыж знойдзены пры пракладцы вадаправоду каля дарогі. Знаходзіўся на глыбіні 1,5 м, ляжаў плазам. Ёсць падставы меркаваць, што пераадкладзены пры будаўніцтве дарогі. Ні костак, ні артэфактаў не зафіксавана. Таму і вырашылі забраць [у музей]. Прозвішча [Караўчынскі] супадае з назвай вёскі [крыж знайшлі ў вёсцы Кароўка]», — адзначыў гісторык.

Артэфакт плануюць выставіць у экспазіцыі «Знаходкі археолага» ў падвале краязнаўчага музея ў Ратушы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!