Изображение: facebook.com/technalohija
Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзеянне пасведчання распаўсюджвальніка друкаваных выданняў НВК «Тэхналогія».
«Навукова-вытворчым кааператывам «Тэхналогія» прапушчаны тэрмін для падачы паведамлення аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вырабцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь», — паведамляе прэс-служба Мінінфарма.
Навукова-вытворчы кааператыў «Тэхналогія» быў заснаваны ў 1988 годзе і стаў першым прыватным выдавецтвам у Беларусі. Асноўныя напрамкі дзейнасці — кнігавыданне (навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя, літаратурна-мастацкія выданні на розных мовах), паліграфія (выпуск кніг, брашур, бланкаў, буклетаў, праспектаў, календароў) і пастаўка медыцынскай тэхнікі.
У лютым у Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кніг. Сярод іншых былі затрыманы заснавальнік выдавецтва Вацлаў Багдановіч, яго жонка Алена і дочкі Антаніна і Вікторыя. Пазней усіх, акрамя Вікторыі Багдановіч, вызвалілі. Таксама быў затрыманы галоўны рэдактар выдавецтва Зміцер Санько.
3 сакавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «Кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Вацлаў Багдановіч быў пазначаны сярод датычных да «фарміравання».