Пад Мінскам зноў прадаюць гарналыжны комплекс “Якуцкія горы”

Гарналыжны комплекс “Якуцкія горы”, размешчаны ў Дзяржынскім раёне, зноў выстаўлены на продаж. За яго хочуць выручыць 2,86 млн рублёў.

“37 км ад МКАД. Гарналыжная траса 500 метраў з перападам вышыні 60 метраў і гарналыжным пад’ёмнікам Tatrapoma (Славакія). Тюбінгавыя трасы 150–180 м. Дагледжаная тэрыторыя 13,5 га. Унікальны ўзгорысты ландшафт, рэстаран, драўляны павільён на 250 гасцей, шатёр, альтанкі, лазня з адкрытым пнеўмакаркасным басейнам на 400 м.куб., пейнтбольная пляцоўка, 2 палі для міні-футбола, пляцоўка для валейбола і інш.”, — гаворыцца ў апісанні аб’екта.

“Якуцкія горы” існуюць з 2001 года. Як адзначана ў аб’яве, у зімовы сезон комплекс уяўляе сабой гарналыжны і тюбінгавы парк, летам — гэта пляцоўка для правядзення карпаратыўных мерапрыемстваў і фестываляў да 4000 гасцей.

На сайце парка пазначана, што зімой ён закрыты, а ў астатнія сезоны працуе па папярэдніх заяўках.

Парк ужо выстаўлялі на продаж у 2021 і 2024 гадах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!