Падчас дыскусіі пасля паказу фільма "Пад шэрым небам" у варшаўскім кінатэатры Elektronik. Фота: Reform.news.
7 траўня ў варшаўскім кінатэатры Elektronik прайшоў адмысловы паказ фільма «Пад шэрым небам» з удзелам журналісткі і былой палітзняволенай Кацярынай Андрэевай. Гісторыя Кацярыны і яе мужа і калегі Ігара Ільяша стала нахтненнем для камернай драмы Мары Тамковіч – карціны, якая кранае гледачоў на розных кантынентах ужо два гады.
Зала была поўная. Падтрымаць Кацярыну на паказ прайшлі яе сяброўкі, з якім яна была ў зняволенні, калегі-журналісты, у прыватнасці, Даша Чульцова, з якой Кацярына вяла той самы стрым з Плошчы Перамен, а таксама Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Франак Вячорка, Ганна Красуліна, Павел Баркоўскі, беларуская і польская публіка.
Мара Тамковіч перад пачаткам паказа прадставіла каманду фільма – акцёраў, якія сыгралі журналістаў Лену і Ігара – Аляксандру Вайцяховіч і Валянціна Навапольскага, Андрэя Новіка, аператара карціны – Кшыштафа Трэля ды іншых творцаў.
Сустрэча атрымалася шчырай, па-чалавечаму цёплай, эмацыйнай і моцнай. Пры гэтым героем вечара таксама быў і журналіст Ігар Ільяш, які да гэтай пары знаходзіцца за кратамі.
Размова з Кацырынай пачалася з пытання Мары Тамковіч: ці не шкадуе яна, што іх з Ігарам гісторыя стала асновай для фільма?
«Канешне, я не шкадую, таму што гэта гісторыя не столькі пра мяне і не толькі пра мяне… але таксама гэта гісторыя пра ўсіх нас, пра той стан, у якім апынулася Беларусь у 2020 годзе, – адказала Кацярына, адзначыўшы адразу важнасць кіно Мары Тамковіч. – Пра тое, праз што прайшла беларуская журналістыка. Беларуская незалежная журналістыка, якая пацярпела наймацней за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі. Таму гэта пра нас і пра ўсіх. І дзякуй табе, што ты змагла распавесці гісторыю ўсіх нас праз гісторыю гэтай пары — Іллі і Лены».
Аднак у фільме знайшліся сцэны, якія Кацярыне было няпроста глядзець.
«Было вельмі балюча глядзець на кватэру пасля вобшуку. І калі былі кадры затрымання Ігара, я проста адвярнулася. Спадзяюся, што ты не пакрыўдзілася [Мара], але вось гэтыя некалькі секунд я проста павярнула твар ад экрану, таму што не магла глядзець. Мне, праўда, балюча вельмі — гэтая гісторыя жывая, і таму яна так баліць», — прызналася журналістка.
Кацярына заўважыла, што вязні памятаюць калонію па колерах: гэта момант датычны супадзенняў/несупадзенняў.
«Забор шэры ў фільме, а там ён зялёны. Хто сядзеў, дзяўчаты, усе гэты колер, я думаю, памятаюць і ніколі не забудуць», — звярнулася на сваіх сябровак у зале.
Адказваючы на пытанне гукарэжысёркі фільма пра тое, ці атрымалася перадаць «эмацыйную праўду», Кацярына адзначыла дакладнасць атмасферы стрыму з Плошчы Перамен, які паказваецца ў стужцы.
«На восемдзесят адсоткаў эмоцыі ў фільме адпавядаюць маім сапраўдным», — прызналася журналістка «Белсату». Але таксама ўнесла карэктывы ў вобраз сваіх спатканняў з мужам.
«Ігар ніколі не прывёз бы мне такую вопратку [як у фільме]. Бо ён прывёз мне чырвоную сукенку з дэкальтэ. Выбачаюся. Усё [гаворка пра першае спатканне ў зняволенні – заўвага Reform.news] праходзіла вельмі жыццярадасна, і маё стаўленне да гэтага досведу… яно было больш жыццярадасным, больш вясёлым і аптымістычным. Проста таму, што я такі чалавек. Мы на гэтых кароткіх спатканнях, нават не зважаючы на ахову, спявалі песні», — распавяла яна.
Аднак быў момант у карціне, які прымусіў Кацярыну збянтэжыцца — кадр, дзе Ігар плача:
«Мяне вельмі закрануў той момант, дзе ў расфокусе паказана, што Ігар плача… На яго вельмі не падобна. Ён стрымлівае свае эмоцыі да апошняга. І ў гэтым сэнсе Валянцін Навапольскі гэта выдатна адлюстраваў… Але момант з плачам — ён мяне трошкі засмуціў».
Адным з самых вострых падчас сустрэчы стала пытанне аб тым, ці не шкодзіць палітвязням публічнасць і такія фільмы. Кацярына адказала вельмі прагматычна, абапіраючыся на свой пяцігадовы досвед.
«Публічнасць можа перашкаджаць у кароткачасовай перспектыве, – лічыць журналістка. – То бок яна можа рабіцца падставай для нейкіх здзекаў у калоніі, нагодай для пакарання».
Кацярына прыгадала, што супрацоўнікі калоніі вельмі ўважліва сачылі за тым, што адбываецца «на волі», і выкарыстоўвалі гэта як інструмент псіхалагічнага ціску.
«Супрацоўнікі калоніі — яны з гэтага кпілі. Гэта рабілася такой нагодай для насмешак: “Чаго гэта ты такая папулярная зорка?”. Гэтак жа рабілася, дарэчы, і з рознымі журналісцкімі ўзнагародамі, якія мы з Дашай атрымлівалі. Але калі ад гэтага абстрагавацца і паставіцца спакойна, ператрываць, то плюсаў больш. Бо калі прозвішча ёсць у інфармацыйнай павестцы, яно ёсць у тых, хто патрабуе вызвалення», – даводзіць журналістка.
Пры гэтым яна сумленна апісала стан вязня, які доўга знаходзіцца пад ціскам:
«Недзе восемдзесят адсоткаў часу ты ўвогуле не адчуваеш нічога, таму што эмоцыі яны як бы сціраюцца, і ў цябе ўнутры такая “выпаленая зямля”. Што для чалавека такога жывога і эмацыйнага вельмі цяжка».
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні і філосаф Павал Баркоўскі запытаўся пра сумесную кнігу Кацярыны і Ігара «Беларускі Данбас» і пра тое, як яна ўспрыняла пачатак поўнамаштабнай вайны за кратамі. Кацярына прыгадала, як у СІЗА ў лютым 2022-га літаральна чула ў зняволенні як адбываецца ўварванне ва Украіну.
«Адчувалі, што моцна дрыжаць сцены, таму што вельмі нізка лятае авіяцыя… Мой першы імпульсіўны крок — гэта было адмовіцца ад беларускага грамадзянства… Гэта проста гішпанскі сорам. Мне было сорамна, што я маю беларускі пашпарт і што я фармальна прыналежная да гэтай дзяржавы, якая робіць такое. Мне хацелася выбачыцца і дагэтуль хочацца перад усімі ўкраінцамі».
Кацярыны распавяла на сустрэчы і пра веру за кратамі. Адказваючы на пытанне хрысціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца, ці не дапамагала ёй малітва, яна ўзгадала першыя дні пасля затрымання на Плошчы Перамен.
«Самыя яскравыя ўспаміны… гэта маленькая камера на Акрэсціна. Нас там было, можа, адзінаццаць чалавек на чатыры ложкі. З намі заставалася маці і дачка — хрысціянкі, якія пачалі ўслых маліцца. Яны прапанавалі нам усім узяцца за рукі ў гэтай камеры… Спачатку традыцыйныя малітвы — “Ойча наш” і гэтак далей, а потым яны пачалі маліцца сваімі словамі. У мяне проста дрыжыкі праходзяць па скуры, калі я гэта згадваю, таму што яны ўздымалі вось так рукі і казалі: “Божа, дапамажы нам пераадолець гэты дух камунізму”. Я сябе адчувала як дысідэнт за савецкім часам, альбо як у ГУЛАГу недзе… Гэта мне вельмі ўрэзалася ў памяць», — узгадала творца.
Аднак у калоніі нават рэлігійнае жыццё было пад кантролем адміністрацыі. Кацярына расказала пра тое, як праваслаўная царква на тэрыторыі гомельскай калоніі №4 ператварылася ў месца сегрэгацыі.
«Патрапіць у царкву было тым яшчэ квэстам. На вялікія святы, напрыклад, на Вялікдзень, там ладзілі фэйс-кантроль на ўваходзе: ты мог або патрапіць у спіс, або не патрапіць. Наўпрост каля ўваходу стаяў супрацоўнік аператыўнага аддзелу, які фільтраваў — каму можна, каму не. Пад канец 2024 года мы пачалі ўжо апрыёры мець забарону на наведванне царквы», — узгадвае яна.
Нават дробныя атрыбуты свята былі даступныя не ўсім. Для палітвязняў існавала «дзіўная забарона» набываць велікодную выпечку:
«Калі набыць святочную булку — кулічы на Вялікдзень у краме, у атаварцы… гэта можна было і нельга было зрабіць палітычным. Такая дзіўная забарона на набыццё кулічоў».
Журналістка распавяла і пра маленькую іконку, якая мела для яе каласальную вартасць – і якую забралі разам з яе рукапісамі.
«У мяне была іконка маленькая. Яна прайшла са мной усе пяць гадоў, бо яе перадаў Ігар, па мойму, ці ў Жодзінскую, ці яшчэ нават у Акрэсцінскую камеру… яна прайшла са мной два тэрміны. І што вы думаеце, калі вывозілі з калоніі разам з усёй карэспандэнцыяй і ўсім маім архівам за пяць гадоў — у мяне адабралі гэтую іконку. Вельмі, вельмі балюча».
Кульмінацыяй вечара стаў палітычны і чалавечы жэст Кацярыны. Яна падкрэсліла, што яе ўласнае вызваленне — гэта толькі палова шляху, бо Ігар застаецца ў цяжкіх умовах у Бабруйскай калоніі. І яна доўгі час не мае з ім сувязі.
Нават рашэнне прыйсці на паказ фільма Кацярыне далося не адразу. Яна шчыра прызналася, што спачатку планавала адмовіцца ад гэтай задумы.
«Я змяніла рашэнне, таму што спачатку мне падавалася, што я не змагу і не здолею, што я буду плакаць моцна, што я не змагу стрымаць свае эмоцыі. І навошта гэта на публіку паказваць — і саромелася, можа, сваёй магчымай рэакцыі», — падзялілася яна сваімі сумневамі на пытанне журналіста Тараса Тарналіцкага.
Аднак аргументы пераважылі страх. Першы быў асабістым: «Я зразумела, што, па-першае, Ігар глядзеў гэты фільм, калі я была ў зняволенні, і ён здолеў, ён змог. Значыць, я змагу». Другі аргумент быў стратэгічным: выкарыстаць мастацтва як пляцоўку для адвакацыі тых, хто застаўся ў турме.
«Для мяне вельмі важна скарыстацца такой магчымасцю менавіта цяпер, калі рыхтуецца чарговае вызваленне палітвязняў, каб прыцягнуць увагу да ягонага [Ігара] кейсу. Я вельмі хацела прыцягнуць увагу ўсёй міжнароднай супольнасці і беларускіх дэмакратычных інстытуцыяў».
«Я буду сапраўды вольнай толькі тады, калі вызваляць Ігара», — падкрэсліла яна і напрыканцы прамовы сімвалічна перадала партрэт свайго мужа Святлане Ціханоўскай з просьбай выкарыстоўваць любую нагоду на міжнароднай арэне, каб дамагчыся вызвалення Ігара і іншых журналістаў, якіх за кратамі застаецца больш за дваццаць чалавек.
«Я маю надзею, што мы ўсе будзем вольнымі. Гэты рэжым усё роўна зменіцца пры нашым жыцці. А мы былі і застаёмся беларусамі, і мы вернемся ў сваю краіну. Я ў гэтым перакананая», — прамовіла Кацярына пад апладысменты залы.
Дарэчы, на сустрэчы прагучыла пытанне і ад Ганны Красулінай. Палітык запытала творцу пра адчуванні «адной планеты» паміж тымі, хто застаўся, і тымі, хто з’ехаў у эміграцыю. “Застацца на адной планеце” – гэта выраз Ігар Ільяша, які адказаў Мары Тамковіч чаму ён вырашыў не з’язджаць з Беларусі. Каб са сваёй жонкай быць у адной рэчаіснасці, на адной планеце, – казаў ён. Потым Кацярына гэтым выразам патлумачыла іх жаданне ў 2020 годзе заставацца ў краіне. “Мы хацелі заставацца на адной планеце з беларускім народам”, – дадала яна. Ці змянілася гэта адчуванне “адной планеты” – пра гэта і запыталася спадарыня Красуліна.
«Я хачу адзначыць, што я шаную кожны выбар, – адказала былая палітзняволеная. — І мне вельмі не хацелася б, каб мы цяпер пачалі ў эміграцыі вымяраць, хто больш адпакутаваў. Таму што хтосьці сядзеў тры месяцы, але гэта былі такія тры месяцы, за якія можна пасівець. Хтосьці сядзеў пяць гадоў, і гэта велізарны кавалак жыцця, за які ты паспяваеш страціць блізкага чалавека, зведаць цяжкія хваробы… Але таксама тыя, хто жыў у эміграцыі — іхныя пакуты, іх адарванасць ад Беларусі нельга ні ў якім разе прыніжаць».
Для яе адарванасць ад дому — гэта глыбокая псіхалагічная траўма, якую нельга абясцэньваць «меншым» тэрмінам зняволення ці яго адсутнасцю.
«Гэта адарванасць толькі фізічная, матэрыяльная, але Беларусь яна, як мы ведаем, тут [унутры]. Хацялася б больш еднасці бачыць у нашых эмігранцкіх колах і не вымяраць, хто больш адпакутаваў, бо вы ведаеце, што эміграцыю часам параўноўваюць са стратай блізкага чалавека, са смерцю блізкага чалавека. Давайце пра гэта памятаць і больш далікатна, больш пяшчотна ставіцца адзін да аднаго».
Ды сімвалічным стаў адказ Кацырыны на пытанне Франака Вячоркі аб тым, якую гісторыю яна сама зняла б, калі б ёй давялося быць на месцы Мары Тамковіч. Яна адказала без ваганняў: гэта была б стужка пра жанчын. Пра тых, з кім яна дзяліла побыт, ложкі і надзею ў Гомелі.
«Я б зняла фільм пра ўсіх жанчын-палітзняволеных, пра жыццё ў калоніі нумар чатыры ў Гомелі. І кульмінацыяй гэтага фільму зрабіўся б 2025 год, калі пачаліся масавыя вызваленні. Проста таму, што гэта таксама вельмі жывая гісторыя. Яна проста пульсуе, і там было шмат кінематаграфічных момантаў. Нават з мастацкага пункту гледжання».
Адным з такіх момантаў, які застаўся ў памяці Кацярыны, стала ноч вызвалення палітвязанак.
«Уявіце: вы сядзіце шмат гадоў, і раптам уначы, а палове на другую, заходзяць супрацоўнікі цэлым натоўпам і пачынаюць па адной штурхаць жанчын: “Збірай рэчы, збірай рэчы, збірай рэчы!”. І вось я выглядаю з вакна і бачу, як Марына Золатава ідзе з валізкамі… А на мяне крычаць знізу: “Хопіць там ужо варочацца!”. Бо я на другім паверсе, мы займалі другі ярус ложкаў, а яны знізу штурхаюцца: “Ну што ты там ужо скачаш, не можаш нарадавацца?!”».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram