Скриншот сайта
Анлайн-бібліятэка Kamunikat.org не працуе пасля хакерскай атакі. Пра гэта беларуская бібліятэка паведамляе ў сацыяльных сетках.
“Мінулай ноччу сайт Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org не вытрымаў хакерскай атакі. На гэты момант сайт не працуе. Аднак весткі пра нашу смерць, так як і пра смерць беларускай культуры і мовы — як казаў класік — заўчасныя і крыху перабольшаныя. Хаця, трэба прызнаць, што атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але мы не здаемся”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пры спробе перайсці на сайт бібліятэкі адлюстроўваецца яе галоўная старонка, аднак спасылкі і раздзелы не працуюць.
Стваральнікі рэсурсу абяцаюць аднавіць яго працу, аднак не выключаюць, што гэта зойме шмат часу.
Гэта не першы раз, калі анлайн-бібліятэка падвяргаецца хакерскай атацы. У прыватнасці, адну з іх яна перажыла ў снежні.
У верасні мінулага года Kamunikat.org беларускія ўлады ўключылі ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, а ў сакавіку гэтага года яе стваральніка Яраслава Іванюка ўключылі ў “экстрэмісцкае фармаванне” «Кааліцыя друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing».