Паўночна-Балтыйская васьмёрка: Беларусь падтрымлівае расійскую дэзінфармацыю пра інцыдэнты з дронамі ў рэгіёне

Міністры замежных спраў дзяржаў Паўночнай Еўропы і Балтыі выступілі з сумеснай заявай, у якой рашуча адхілілі расійскую інфармацыйную кампанію і абвінавачанні, звязаныя з парушэннямі паветранай прасторы ў рэгіёне. Беларусь, паводле ацэнкі міністраў, падтрымлівае гэтую кампанію.

“Міністры замежных спраў краін Паўночнай Еўропы і Балтыі рашуча адхіляюць адкрытую дэзінфармацыйную кампанію і ілжывыя сцвярджэнні Расіі, падтрыманыя Беларуссю, у сувязі з парушэннямі паветранай прасторы ў рэгіёне Паўночнай Еўропы і Балтыі. Мы рашуча асуджаем пагрозы Расіі ўжыць сілу ў дачыненні да Латвіі і іншых краін рэгіёна”, – падкрэслілі аўтары.

У апублікаванай МЗС Літвы заяве падкрэсліваецца, што інцыдэнты з дронамі, якія ўрываюцца ў паветраную прастору НАТА, “з’яўляюцца прамым следствам незаконнай вайны Расіі супраць Украіны“.

“Краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі ніколі не дазвалялі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю або паветраную прастору для гэтых атак на мэты ў Расіі. Расія імкнецца адцягнуць увагу ад сваёй незаконнай вайны і запалохаць саюзнікаў па НАТА. Гэта не ўвянчаецца поспехам і павінна неадкладна спыніцца”, – заявілі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў.

Міністры заявілі пра права Украіны на самаабарону ў адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН і намер працягваць палітычную, дыпламатычную, вайсковую і фінансавую падтрымку Украіны.

Краіны таксама пацвердзілі адзінства ў абароне тэрыторыі і паветранай прасторы НАТА ў адпаведнасці з артыкулам 5 і намер нарошчваць абарончы патэнцыял і супрацьдзейнічаць расійскім дэзінфармацыйным аперацыям.

“Моцная і пераканаўчая пазіцыя ў галіне стрымлівання і абароны, асабліва на ўсходнім флангу НАТА, па-ранейшаму мае вырашальнае значэнне для нашай бяспекі. Краіны Паўночнай Еўропы і Прыбалтыкі будуць і надалей умацоўваць свой абарончы патэнцыял. Мы таксама працягнем прыкладаць намаганні па супрацьдзеянні шкоднаснай дзейнасці Расіі, у тым ліку дэзінфармацыі”, – заявілі яны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!