Новы прэм’ер Нідэрландаў пацвердзіў паслядоўнасць пазіцыі ў дачыненні да Беларусі

Святлана Ціханоўская ўпершыню правяла сустрэчу з новым прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Робам Етэнам. Перамовы адбыліся 28 мая ў Гаазе.

Бакі абмеркавалі падтрымку Украіны і Беларусі ў кантэксце еўрапейскай бяспекі, дапамогу беларускім незалежным медыя, падтрымку грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый праз нідэрландскія праграмы, у тым ліку Matra. Разглядалася таксама магчымасць далучэння Нідэрландаў да Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі беларускім палітвязням і іх сем’ям, а таксама міжнародная адказнасць рэжыму Лукашэнкі і неабходнасць захоўваць Беларусь у фокусе міжнароднага парадку дня.

Ціханоўская заклікала прэм’ер-міністра быць моцным голасам свабоднай Беларусі ў Еўрасаюзе, у тым ліку на пасяджэннях Еўрапейскага савета. Як паведамілі ў Офісе беларускай палітыкіні, Етэн станоўча ўспрыняў гэтую ідэю. Падобную практыку раней падтрымліваў яго папярэднік Марк Рутэ. Паводле вынікаў сустрэчы прэм’ер-міністр пацвердзіў, што пасля змены ўрада пазіцыя Нідэрландаў у дачыненні да Беларусі застаецца паслядоўнай.

«Для нас вельмі важна, што Нідэрланды захоўваюць прынцыповую і паслядоўную пазіцыю па Беларусі. Менавіта выразная стратэгія дае канкрэтныя вынікі. Падтрымка беларусаў — гэта ўклад у бяспеку ўсёй Еўропы», — заявіла Ціханоўская.

Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!