Новы пасол Узбекістана прыступіў да працы ў Беларусі. Папярэдняга звольнілі з-за «абыякавых адносін»

Прэзідэнт Узбекістана звольніў пасла ў Беларусі 21 ліпеня, а ўжо праз 6 дзён, 27 ліпеня, да працы ў краіне прыступіў новы пасол — Нурыдзін Мамажонаў.

Сёння Мамажонаў уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Максіму Рыжанкову.

«Суразмоўцы разгледзелі актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і іншых галінах беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння, у тым ліку якія датычацца рэалізацыі перспектыўных сумесных праектаў», — паведамляе беларускі МЗС.

Бакі абмеркавалі механізмы рэалізацыі дамоўленасцяў і выкананне дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва на 2026-2030 гады, закранулі пытанні маючых адбыцца двухбаковых мерапрыемстваў, пацвердзілі стратэгічны ўзровень беларуска-ўзбекскіх адносін, выказалі намер працягваць сумесную працу па паглыбленні двухбаковага дыялогу.

Нагадаем, пасол Узбекістана ў Беларусі Рахматул Назараў быў вызвалены ад пасады «з-за абыякавых адносін да пытанняў прыцягнення інвестыцый і развіцця знешняга гандлю». Назароў працаваў паслом у Беларусі з 2024 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!