Ибрагим Муса. Фото: t.me/ibragim_mussa
Ібрагіма Мусу, заснавальніка рускамоўнага тэлеграм-канала «Голас арабаў», спрабавалі забіць у Беларусі, сцвярджае канал.
Некалькі пастоў з апісаннем сітуацыі былі апублікаваны на канале 27 ліпеня. Сцвярджаецца, што замах спрабавалі здзейсніць два браты-шыіты са змешанага беларуска-ліванскага шлюбу.
«У Беларусі на нашага брата Ібрагіма Мусу сёння ноччу быў здзейснены няўдалы замах, калі ён знаходзіўся ў гасцях на святкаванні дня нараджэння свайго палесцінскага прыяцеля. Горшага ўдалося пазбегнуць дзякуючы сястры імянінніка, наяўнасці ў доме камер і пільнасці самога Ібрагіма», — заяўляе відавочца падзей.
Паводле слоў відавочцы, замах рыхтавалі два «браты-шыіты ліванскага паходжання, якія вучыліся ў медуніверсітэце ў Беларусі, 25 гадоў і 27 гадоў». Сцвярджаецца, што яны чатыры гады сачылі за дзейнасцю Мусы і планавалі забіць яго за «хейт у адрас знішчанага кіраўніка іранскага рэжыму Алі Хаменеі».
Як сцвярджае відавочца, браты паспрабавалі атруціць Мусу праз кальян, але той зрабіў толькі адну зацяжку і адчуў нядобрае. Пасля гэтага адзін з братоў у яго стрэліў.
«І гэтыя два ўблюдкі змазалі атрутай кальян, які адназначна прызначаўся Ібрагіму, пасля чаго Ібрагім злёгку зрабіў зацяжку, але, нешта адчуўшы не тое, не стаў яго курыць, сястра таго, хто запрасіў Ібрагіма на свой дзень нараджэння, яго забрала, заўважыўшы, што з яго нешта капае, калі ён выйшаў падыхаць паветрам разам са мной, другі выблядак з блізкай адлегласці шмальнуў у нашага брата Ібрагіма, пасля чаго я пабег за ім, дагнаў яго і вырубіў, пасля чаго вярнуўся ў дом, расказаўшы пра ўсё тым, хто там знаходзіўся, а там ужо сям’я імянінніка па камерах убачыла, чым займаўся ліванец, які знаходзіўся ў доме, ён паспрабаваў змыцца, але быў спынены і звязаны, пасля чаго была выклікана паліцыя і гэтых двух арыштавалі, і цяпер ім абодвум пагражае турэмны тэрмін у Беларусі за спробу замаху. Да ўсяго іншага ў іх быў свой радыкальны шыіцкі чат з 10 чалавек», — напісаў відавочца.
Як сцвярджаецца ў канале, маці затрыманых братоў — беларуска, бацька — з Лівана. Яны выраслі ў Беларусі і ў Ліване былі толькі два разы ў дзяцінстве.
«Арабскай мовы амаль не ведаюць. Вялі замкнёны лад жыцця, не мелі асабістага жыцця, былі «шэрымі мышкамі», актыўна ў дзейнасці тамтэйшай ліванскай дыяспары не ўдзельнічалі і заўважаны не былі. Бацька ў іх жыцці амаль не прымаў удзелу. Чэрпалі яны інфармацыю пра палітыку з рускамоўных тэлеграм-каналаў», — гаворыцца ў канале.
Ібрагім Муса нарадзіўся ў Кіркуку на поўначы Ірака ў 2002 годзе. У апошнія гады жыве ў краінах СНД. Бацька Мусы — дыпламат, у 2002-2003, у апошнія гады праўлення Хусейна, працаваў у пасольстве Ірака ў Расіі. Муса правёў дзяцінства ў розных краінах СНД, вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “міжнародныя адносіны” атрымаў у Маскве.
Муса заснаваў рускамоўны тэлеграм-канал “Голас арабаў”, які, як ён заяўляе, быў скрадзены махлярамі. У новым канале @ibragim_mussa выходзяць пасты пра арабскі Усход з пазіцыі арабскага нацыяналізму і панарабізму. Крытыкуе палітыку іранскага рэжыму.
Ібрагім Муса называе сябе ваенным і палітычным аглядальнікам, выступае як эксперт і аналітык у алжырскіх СМІ.
Адзначым, што МУС Беларусі не паведамляла пра выпадкі стральбы ў апошнія дні.