Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання завода «Гарызонт» распавёў, як засцерагаў Уладзіміра Пуціна ад замахаў.
Паводле слоў Лукашэнкі, менавіта ён адгаварыў Пуціна ад паездкі на саміт БРІКС у ПАР у жніўні 2023 года, калі расійскі прэзідэнт ужо збіраў чамаданы.
«Сёння ўначы я падумаў пра тое, што… Успомніў размову з Пуціным. Па-мойму, гэта было перад БРІКС у Паўднёвай Афрыцы. Чамаданы збірае. Я кажу: “Ты куды?” — “Ды ты што, не ведаеш? У нас жа БРІКС”. Кажу: “Ты што, сабраўся туды ляцець?” Такая сяброўская, братэрская размова. Старэйшаму брату: “Ты сабраўся туды ляцець?” — “Ну вось, прасілі, мяне ж там чакаюць”. Я кажу: “Ты што! Вайна ідзе!” — “Ну, яны ж не такія ўжо вар’яты, не настолькі вар’яты”. Я кажу: “І ты што, лічыш, што там усе ў здаровым розуме? Няма чаго туды ехаць!” Паляцеў Лаўроў тады. Можа, не таму, што я націснуў. Але я яму выказаў сваё меркаванне.
Але гэта не проста была такая, ведаеш, вясковая размова. Наша разведка (малайцы яны, у апошні час працуюць нядрэнна) нас інфармавала. На ўзроўні там размоў, плётак з Захаду, што рыхтуецца тэрарыстычны акт супраць прэзідэнта Расіі», — распавёў Лукашэнка.
Лукашэнка сцвярджае, што часта папярэджвае Пуціна пра небяспеку і раіць яму нікуды не лятаць.
«І я яму часта кажу: “Ну вайна ідзе, ну не трэба туды лятаць. Калі камусьці трэба — яны да цябе прыляцяць. Вось ён паклікаў нас у Піцер. Яго бліжэйшыя сябры прыляцелі туды. Прыляцяць і іншыя. І Сі Цзіньпін прыляціць, і з Ірана, з іншых краін прыляцяць людзі. Але трэба як-небудзь асцярожней. Гэтым людзям давяраць нельга. Але, кажу, табе відней, ты ў гэтай сферы працаваў, гэта ваша сфера (чэкісцкая), табе відней. Вось такая нейкая была не бесклапотнасць, а страта нейкай пільнасці», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка лічыць, што Захад падманвае Пуціна і хоча яго прыбраць.
«І я сёння падумаў пра тое, наколькі я меў рацыю, калі папярэджваў яго і засцерагаў. Зразумела, што ўсе яны на Захадзе разумеюць: прыбраць Пуціна — усё будзе па-іншаму. Да гэтага трэба ставіцца сур’ёзна. Я пра гэта распавядаю ўпершыню сёння, таму што не трэба быць бесклапотным. Яны падманвалі, і гэта ён прызнае, пастаянна», — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама ўспомніў уварванне Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года і заявіў, што Пуціна падманулі католікі і яўрэі.
«Першыя месяцы і нават тыдні, калі расійскія войскі былі ў Кіеве. І тады католікі, яўрэі — яны былі, два гэтыя магутныя кланы, наперадзе: “Ох, трэба заканчваць вайну…” І Пуцін кажа: “Так, трэба заканчваць”. Па мордзе надавалі адзін аднаму, давайце спынімся. — “Так, Уладзімір Уладзіміравіч, ну трэба вывесці вось войскі і ўсё, мы замірыліся, мы спыніліся”. Спыніліся? Не спыніліся. Гэта значыць, ім верыць нельга», — падсумаваў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама пракаментаваў заявы Расіі аб атацы на рэзідэнцыю Пуціна, пагражаў Украіне расійскімі ўдарамі па цэнтрах прыняцця рашэнняў і заклікаў Уладзіміра Зяленскага дамаўляцца.