Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка скарыстаў наведванне «Гарызонта», каб пракаментаваць заявы Расіі аб атацы на рэзідэнцыю прэзідэнта РФ у Наўгародскай вобласці. Паводле яго слоў, гэта «дзічэйшы тэрарызм», накіраваны на зрыў мірнага працэсу, а прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму трэба дамаўляцца, пакуль не стала позна.
«Канечне, гэта дзічэйшы тэрарызм на самым высокім дзяржаўным узроўні. Калі гэта так, як гэта цяпер падаецца», — сказаў Лукашэнка.
Трэба адзначыць, што Зяленскі назваў заявы расійскага боку аб атацы хлуснёй.
«Я якраз думаю пра тое, каму гэта было трэба, да чаго гэта магло прывесці. Ну, каму трэба, — я падазраю, хто там стаіць за Уладзімірам Аляксандравічам Зяленскім. Думаю, што калі ён да гэтага і датычны, то ён не ведаў, што ён робіць. Гэта па-першае», — працягнуў Лукашэнка.
Ён паўтарыў свой аповед пра тое, што Пуціну нібыта прапаноўвалі ўдарыць па ўкраінскіх урадавых аб’ектах.
«Я вам нават больш скажу. Калі ўжылі ў першы раз “Арэшнік”, некаторыя гарачыя галовы (мне Пуцін распавядаў, мы абмяркоўвалі) прапаноўвалі яму: вось па гэтых тэрарыстах і гэтак далей трэба нанесці другі ўдар, а то і па цэнтрах прыняцця рашэнняў. Пуцін катэгарычна з парога адхіліў гэтую ідэю», — сказаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што ў расійска-ўкраінскай вайне склалася сітуацыя, калі першыя асобы не падвяргаліся атацы.
«Не тое, што яны дамовіліся не страляць адзін у аднаго, а так склалася сітуацыя ў гэтай вайне, што ніхто нікога не спрабаваў забіць з кіраўнікоў дзяржаў. Ніхто гэтага не рабіў. І тут — спроба нанясення ўдару па адной з рэзідэнцый прэзідэнта», — дадаў ён.
Разам з тым Лукашэнка прызнаў, што Пуцін практычна не бывае ў гэтай рэзідэнцыі.
«Памятаю, Пуцін мне распавядаў пра візіт Гельмута Коля — нямецкага лідара. Там можна ўбачыць, што такое Расія», — сказаў ён.
«Што, украінцы не ведалі пра гэта, што там прэзідэнт фактычна не бывае? Ведалі. Тады навошта было беспілотнікі накіроўваць у гэтае месца? Навошта? Сэнсу ж ніякага няма», — сказаў Лукашэнка.
На яго думку, нават калі б Пуцін быў у гэтай рэзідэнцыі, сітуацыя на полі бою не змянілася б.
«Таму я думаю пра тое, хто за гэтым стаіць. Зразумела, хто. Датычны да гэтага Уладзімір Аляксандравіч ці не? Думаю, што калі датычны, то нязначна. Гэта гаворыць пра высокую небяспеку, што Украіна ўжо малаўпраўляльная, калі ён не стаіць за гэтым. Ну а навошта гэта трэба? Вось пра што я разважаю, на чым засяроджаны сёння. А тое, што гэта дзікасць, глупства… Гэта вар’яцтва. Гэта не трэба было рабіць абсалютна. Бо гэта ні да чаго не прывядзе. Гэта факт. Вось так я гэта ацэньваю. Але час пакажа, што тут было, што за гэтым стаіць», — сказаў ён, дадаўшы, што яшчэ хоча дадаткова асэнсаваць тое, што адбылося, сабраць больш інфармацыі.
Разам з тым Лукашэнка выказаў здагадку, што мэтай атакі мог быць зрыў мірнага працэсу.
«Магчыма, яны хацелі справакаваць Пуціна ў момант, калі ўжо мір вось побач. Каб сарваць гэты перамоўны працэс. Ёсць такая пункт гледжання. Што Пуцін там пойдзе на нейкую эскалацыю, што ён адмовіцца ад нейкага мірнага шляху. А сёння раніцай я ўжо заўважыў: нічога падобнага. У гэтым увесь Пуцін. Ён не мітусіцца. І ён мае рацыю. Не трэба спяшацца. Ёсць мірны трэк — ідзём па ім», — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што РФ ужо заявіла аб узмацненні сваёй перамоўнай пазіцыі.
«Ну калі хтосьці не хоча і будзе такія правакацыі працягваць, чым гэта скончыцца — таксама зразумела. Таму я б усё-такі… Хацеў сказаць “параіць”… Ну што ім параіць? Ім парай, не парай — яны ўсё адно робяць па-свойму ва Украіне. Але проста папярэдзіць хачу, што гэта скончыцца бядой. У Расіі ёсць чым бахнуць па цэнтрах прыняцця рашэнняў, што каменя на камені не застанецца.
Трэба спыніцца, трэба, каб у будучым годзе ўсё ж дамовіліся пра мір. І я б вельмі хацеў, каб у гэтым плане Дональд Трамп быў шчыры. Каб гэта не была гульня або спектакль, дзе адну і тую ж ролю грае Трамп і Захад у цэлым або еўрапейскія дзяржавы. Нешта я так падазраю, калі так, што там нашы “браты-англічане” стаяць за гэтым. Цалкам магчыма.
Такія моманты, калі ажыццяўляецца тэрарыстычная атака на прэзідэнта, — гэта рэдкасць. І не бывае так, каб хтосьці вялікі гэтага не ўхваліў. Гэта з досведу.
Уладзіміру Аляксандравічу не трэба гэтым шляхам ісці. І так зруйнаваў квітнеючую частку Еўропы. Ну, даб’е канчаткова. Не трэба яму гэтым шляхам ісці. Трэба, пакуль не позна, дамовіцца», — сказаў у завяршэнне сваіх разважанняў Лукашэнка.