Фото: unsplash.com
Журналіст Дзмітрый Панкавец папярэдзіў, што ад яго імя невядомыя спрабуюць сабраць інфармацыю пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
Так, кантакт пад імем «Зміцер Панкавец» у Telegram звязаўся з удавой загінулага байца Васіля Рапіцкага з просьбай пра інтэрв’ю. Падчас размовы суразмоўца казаў, што Офіс Ціханоўскай нічога не робіць для добраахвотнікаў, і чакаў, каб тое ж самае сказала ўдава Рапіцкага. Пасля гэтага суразмоўца папрасіў кантакт добраахвотніка Аляксандра Клачко.
«Ад майго імя нехта (відавочна, што беларускія спецслужбы) збіраюць інфармацыю аб беларускіх добраахвотніках.
На ўдаву загінулага ваяра Васіля “Дзіра” Рапіцкага выйшаў чалавек, падпісаны ў тэлеграме як “Зміцер Панкавец” з просьбай на інтэрв’ю. Святлана зацікаўленая, каб памяць пра яе мужа жыла, таму пагадзілася на размову. Інтэрв’юер ціснуў на тое, што Офіс Святланы Ціханоўскай нічога не робіць для добраахвотнікаў. Чакаў, каб тое ж казала і ўдава Дзіра.
Пасля гэтага суразмоўца папрасіў у Святланы кантакт майго сябра Aliaksandr Klachko. Саша асцярожна спытаў у мяне, ці хачу я з ім пагутарыць пра Дзіра. Кажу, ты мяне з кімсьці паблытаў. І навошта мне прасіць твой кантакт, калі мы з табой і так пастаянна камунікуем. На гэтым яны, відавочна, пралічыліся», — напісаў Панкавец.