Некаторыя дачнікі-льготнікі змогуць плаціць за электраэнергію менш

Дачнікі з ільготных катэгорый будуць плаціць за электраэнергію па асобным субсідзіруемым тарыфе. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Тручын.

Дакумент устанаўлівае парадак аплаты электраэнергіі асобнымі абанентамі, якія пражываюць у садовых доміках і на дачах, электраўстаноўкі якіх непасрэдна падключаны да электрычных сетак энергазабеспячальных арганізацый, што ўваходзяць у склад ДВА «Белэнерга», паведамляе прэс-служба ўрада.

Да катэгорыі льготнікаў адносяцца непрацуючыя пенсіянеры, грамадзяне, якія маюць права на льготы па аплаце паслуг электразабеспячэння, інваліды III групы, зарэгістраваныя па месцы знаходжання ў садовых доміках, на дачах.

Яны змогуць аплачваць электраэнергію па асобным субсідзіруемым тарыфе (0,12 рубля за 1 кВт·г). Пры гэтым павінны выконвацца наступныя ўмовы:

  • наяўнасць тэхпашпарта на садовы домік, дачу,
  • рэгістрацыя па месцы знаходжання ў садовым доміку, на дачы,
  • адсутнасць у садовым доміку, на дачы сістэмы цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння,
  • наяўнасць стацыянарнай электрычнай пліты (варачнай панэлі).
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!