Источник: "Гаюн"
Па «справе Гаюна» пад вартай знаходзяцца не менш за 175 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта толькі пацверджаныя фігуранты, насамрэч затрыманых значна больш.
Вядома, што з пачатку года быў затрыманы шэраг людзей. Суды па «справе Гаюна» праходзяць амаль кожны дзень. З пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС былі дададзены 69 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Большасць з іх праходзілі па «справе Гаюна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у асноўным абвінавачаным прызначаюць «хатнюю хімію», але ёсць выпадкі, калі людзей прысуджалі да пазбаўлення волі.
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочвае ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створана перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. У пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ да чата з ботам праекта. Пасля гэтага праект абвясціў пра спыненне працы.