Скриншот видео
Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе па Віцебскай вобласці заявіў, што даручыў заняцца інтэграцыйнымі структурамі бізнесменам Яўгенію Баскіну і Аляксандру Машэнскаму, а таксама генеральнаму дырэктару «Агракамбіната „Дзяржынскі“» Уладзіміру Лук’янаву. Пра гэта ён ужо мімаходзь згадваў на мінулым тыдні падчас сустрэчы з Лук’янавым. Цяпер жа Лукашэнка дадаў падрабязнасцяў.
“У вас там інтэграцыйныя яшчэ нейкія аб’яднанні. Гэта не на шкоду. Зноў жа, добра, што я тады з вамі не пагадзіўся і не адабраў рахункі ў калгасаў і саўгасаў, якія вы аб’ядналі ў гэтыя інтэграцыйныя арганізацыі. А калі б у іх рахункі адабралі? Яны б увогуле нічога не рабілі. Таму колькі ў вас — сем ці дзевяць іх?” — сказаў ён, звяртаючыся да намесніцы старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай.
“Было сем, стала шэсць”, — адказала яна.
“А было сем — стала шэсць. На тры структуры я вам адказных людзей, якія дапамогу акажуць і спытаюць, і запатрабуюць, і мяне праінфармуюць. Людзей знайшоў. Лук’янаў папрасіў пакінуць яго на пасадзе там, дзе ён працуе. У ўрад, кажа, не накіроўвайце, калі не загадаеце, я туды не хачу. Я кажу: добра, тады ў нагрузку — інтэграцыйная структура ў Віцебскай вобласці. Добра. Я ўжо, давай, вось, табе, ты там пачаў працаваць, Аршанская там ці… Я кажу: бярэш гэтую структуру і дапамагаеш даводзіць да ладу. Дзякуй, дзякуй, толькі пакіньце на працы.
Далей: Саша Машэнскі пахадзіў — там жа так цяжка! А як ён хацеў? Ну, ходзяць там. Жэня Баскін — табе структуру. Тое ж пахадзіў: ну так… Вось вам, мужыкі, сыравінныя зоны: тры з шасці, ну а тры самі знойдзеце. Гэта будуць вашы памочнікі.
Тэхналагічна і фінансава, арганізацыйна, але яны будуць вам дапамагаць, рэкамендаваць, а губернатару прымаць рашэнні разам са старшынямі райвыканкамаў. Колькі ў вас іх? 21. Вось праз іх і дзейнічайце. Разумееце, пра што ідзе гаворка? Мабілізуйцеся. А нам трэба падумаць, ці зможам мы абысціся без іх падаткаў, якія яны плацяць у рэспубліканскі бюджэт. Калі зможам, Віцебская вобласць — вось межы гаспадаркі, раёны і іншае. Вы там працуеце, вырабляеце, прадаеце, падаткі — забіраеце ўсё сабе”, — працягнуў Лукашэнка.
“Не хопіць усё роўна ўсіх падаткаў”, — уставіў сваё слова прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
“А гэта ўжо іх праблемы. Мы ў іх нічога не бярэм. Вось на тры гады прэзідэнт Віцебскай вобласці, падначалены толькі кіраўніку дзяржавы Беларусь. Я ўжо і пра такое думаў. Таму вы палічыце, калі плюса ў наш бок няма, няхай працуюць. А што інакш? Гэта што, дрэнна? Не дрэнна. Калі б цяпер Мінску прапанавалі, ён бы перахрысціўся, сказаў: буду працаваць”, — заключыў Лукашэнка.