Наталья Эйсмонт. Скриншот видео
Беларускі рэжым і асабіста Аляксандр Лукашэнка павінны панесці адказнасць за саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны, заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе». На яго словы адрэагавала прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
«Я таксама лічу, што дзейны беларускі рэжым з’яўляецца саўдзельнікам расійскай агрэсіі. У 2022 годзе ён прадаставіў тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну. Ракеты ляцелі з іх тэрыторыі. Гэта робіць іх саўдзельнікамі агрэсіі супраць Украіны. Ды і цяпер мы бачым новыя элементы падтрымкі расійскай агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Яны прадастаўляюць сваю інфраструктуру для атак украінскай тэрыторыі беспілотнікамі.
Я наўмысна не ўдакладняю дэталі, але мы іх ведаем, кожны такі выпадак фіксуем юрыдычна, інфармуем ААН аб саўдзеле беларускага рэжыму ў агрэсіі і будзем падымаць пытанне аб санкцыях у дачыненні да датычных асоб і кампаній — у прыватнасці, уцягнутых у будаўніцтва гэтай інфраструктуры», — заявіў Сібіга.
Кіраўнік украінскага МЗС падкрэсліў, што Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у агрэсіі.
«Цяпер Беларусь ператварылася ў «генерал-губернатарства». Лукашэнка не з’яўляецца суб’ектам, і, на жаль, ад гэтага пакутуе ўвесь беларускі народ. Разам з тым рэжым Лукашэнкі і ён асабіста павінны панесці адказнасць за свой саўдзел у расійскай агрэсіі. І для гэтага ёсць усе юрыдычныя падставы», — лічыць Сібіга.
Расійскае агенцтва РІА «Навіны» інтэрпрэтавала словы Сібігі як планы Кіева ўзбудзіць крымінальную справу супраць Лукашэнкі і звярнулася да Эйсмант па каментар.
«Для нас гэта адкрыццё. Нічога пра такія нібыта абмеркаванні і намеры не ведаем, але… нас гэта мала хвалюе», — заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі.