Нарвегія павышае пошліны на імпарт сельгаспрадукцыі і ўгнаенняў з Беларусі

Нарвегія павышае мытныя пошліны на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў з Расіі і Беларусі. Новыя стаўкі пошлін пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня, паведамляе МЗС Нарвегіі.

Беларуская і расійская сельскагаспадарчая прадукцыя будзе абкладацца пошлінай у памеры 50% ад мытнага кошту дадаткова да звычайнай мытнай пошліны.

Пошліны на ўгнаенні з Беларусі і Расіі складуць 6,5% ад мытнага кошту плюс 5000 нарвежскіх крон (525 долараў) за тону.

На ўгнаенні і сельгаспрадукцыю не будуць распаўсюджвацца льготныя мытныя стаўкі.

У 2025 годзе Нарвегія імпартавала з Беларусі тавараў на 2,6 млрд крон (каля 273 млн долараў). Асноўную долю імпарту склалі рапсавы алей і алей канолы для вытворчасці рыбных кармоў (88%), ільняны алей для вытворчасці рыбных кармоў (10,9%).

Рашэнне аб павышэнні пошлін прынята ў рамках каардынацыі палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расіі з Еўрасаюзам.

«Гэтая мера накіравана на аслабленне здольнасці Расіі працягваць вайну супраць Украіны», — заявіў міністр замежных спраў Нарвегіі Эспен Барт Эйдэ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!