На тэрыторыі Новага замка ў Гродне знайшлі рэшткі царквы, падобнай да Каложскай

У Гродне на тэрыторыі Новага замка археолагі знайшлі рэшткі муроў з плінфы і галаснікоў XII стагоддзя.

З 17 па 22 красавіка даследаванні працягнуліся. Археолагі, распрацоўваючы невялікія квадраты з паўночнага і паўднёвага бакоў траншэі, здолелі прасачыць працяг сцяны і выказаць магчымыя інтэрпрэтацыі, – паведамляе Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

Рэшткі галаснікоў у раскопе, характар кладкі і наяўнасць фігурнай пілястры дазваляюць выказаць меркаванне, што гэта фрагмент сцяны храма – паўднёвай сцяны з бакавым уваходам.

На адной са сцен ёсць выява двузубца, што азначае час пабудовы храма ў эпоху кіравання гродзенскіх князёў з дынастыі Усеваладавічаў. Ёсць здагадка, што гэта можа быць Васкрасенская царква, якая была разбурана ў XIII-XIV стагоддзях у эпоху набегаў крыжакоў.

Архітэктурныя дэталі дакладна паўтараюць знакамітую Барысаглебскую (Каложскую) царкву, заўважыў аўтар тэлеграм-канала «Спадчына».

Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Новага замка ў Гродна. Фота: t.me/museum_grodno

Падчас пашырэння траншэі археолагі выявілі кладку з плінфы, у якой выдатна захавалася ніжняя частка раскрапаванай трохпрыступкавай пілястры. Яе цэнтральны выступ мае скругленую форму. Гэта надзвычай важная дэталь. Справа ў тым, што ў больш ранняй Ніжняй царкве на суседнім Старым замку вертыкальныя лапаткі паміж прасламі сцен былі абсалютна плоскімі. Скругленая ж форма ўласцівая выключна Каложы, якая лічыцца вяршыняй эвалюцыі гарадзенскай архітэктурнай школы XII стагоддзя.

Таксама ў раскопе знойдзены рэшткі керамічных збаноў-галаснікоў, якія мясцовыя майстры ўмуроўвалі ў сцены для паляпшэння акустыкі.

Яшчэ ў 2018 годзе на Новым замку ўжо знаходзілі рэшткі мураванага храма васьмісотгадовай даўніны, які папярэдне ідэнтыфікавалі як летапісную Васкрасенскую царкву, што згадваецца ў інвентарах да пажару 1613 года. Гісторыкам яшчэ давядзецца высветліць: ці з’яўляецца знойдзеная цяпер сцяна з дасканалай пілястрай часткай усё той жа Васкрасенскай царквы, ці гродзенская зямля хавала яшчэ адзін, зусім невядомы дагэтуль манументальны аб’ект.

У любым выпадку, гэтая знаходка пацвярджае, што храм будаваўся на піку тэхналагічных магчымасцяў гродзенскай арцелі дойлідаў, якую часта звязваюць з імем Пятра Міланега.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!