Турчын сустрэўся з намеснікам Сі Цзіньпіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын правёў сустрэчу з намеснікам старшыні Кітая Хань Чжэнам, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада. Турчын назваў беларуска-кітайскія адносіны прыкладам «сталага, даверлівага і арыентаванага ў будучыню стратэгічнага партнёрства».

Ён адзначыў, што Беларусь разглядае Кітай як аднаго з ключавых эканамічных партнёраў і стратэгічных інвестараў.

Турчын адзначыў, што 12 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі з Кітаем.

«На сённяшні дзень Кітай — адзіная замежная дзяржава, па якой прымаюцца дакументы такога ўзроўню», — падкрэсліў ён.

«Мы паслядоўна працуем над спалучэннем ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» з нацыянальнымі прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, фарміруючы сучасныя транспартна-лагістычныя, вытворчыя і тэхналагічныя маршруты Еўразіі», — адзначыў кіраўнік урада.

Ён таксама згадаў індустрыяльны парк «Вялікі камень», супрацоўніцтва ў сферы штучнага інтэлекту, машынабудавання і навукі. Турчын таксама заявіў пра падабенства пяцігадовых планаў развіцця дзвюх краін на 2026–2030 гады.

«Мы таксама падтрымліваем намаганні Кітая па ўмацаванні адкрытай сусветнай эканомікі, развіцці ўстойлівых вытворчых ланцужкоў і фарміраванні справядлівай сістэмы міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва», — заявіў Турчын.

Прэм’ер выказаў упэўненасць, што візіт Хань Чжэна ў Беларусь стане «важным крокам у рэалізацыі новых сумесных праектаў і дазволіць надаць дадатковы імпульс беларуска-кітайскаму практычнаму ўзаемадзеянню».

Хань Чжэн, у сваю чаргу, назваў Беларусь для Кітая «усепагодным, усебаковым стратэгічным партнёрам».

«Такіх партнёраў у Кітая не было, — заявіў ён. — Таму Кітай надае асаблівую ўвагу развіццю кітайска-беларускіх адносін».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!