На сустрэчу з Дзядком у Кракаве прыйшлі два правакатары — фота

Экс-палітвязень Мікалай Дзядок расказаў, як на сустрэчу з беларусамі ў Кракаве прыйшлі два правакатары. Адзін з іх — беларус з Барысава 2003 года нараджэння, другі — украінец.

Паводле слоў Дзядка, маладыя людзі спазніліся на сустрэчу на паўтары гадзіны, а затым пачалі задаваць пытанні пра асабістае жыццё Мікалая, пры гэтым трымаліся няўпэўнена.

«На сустрэчу ў Кракаве, калі мы ўжо пачалі разыходзіцца (сустрэча была ў парку), падыходзяць двое маладых людзей з незадаволеным выглядам. Абодва цяжка дыхалі, былі ў моцным напружанні.

Ніхто з прысутных беларусаў Кракава іх асабіста не ведаў.

Рускамоўныя. Мы, кажуць, хочам Дзядку «задаць пытанні». Мне было зразумела, да чаго ўсё ідзе, але ж і цікава! Хацелася паслухаць іх хатнія нарыхтоўкі. Ну давайце, кажу, слухаю вас. Як і чакалася, усе іх пытанні тычыліся майго асабістага жыцця. Пасля таго як хвіліну таму мы з беларусамі гаварылі пра будучыню краіны, барацьбу за свабоду і іншыя «высокія матэрыі», такія псеўдапытанні выглядалі суперкамiчна і агідна адначасова.

Ды і хлопцы адчувалі сябе няўпэўнена і дыскамфортна. Было відаць, што ім не хочацца быць там, дзе яны ёсць, але яны працягвалі ўпарта несці сваю лухту. Калі я даў лаканічныя адказы на іх «пытанні», яны зайшлі на другі круг, паўтараючы тое, што ўжо казалі, толькі ўжо з нецэнзуршчынай. Усё гэта было так нацягнута, так ненатуральна, высмактана з пальца — не ведаеш, смяяцца ці плакаць», — напісаў Дзядок у сваім тэлеграм-канале.

Дзядок выказаў здагадку, што маладыя людзі знайшлі падпрацоўку ў Telegram і атрымалі аплату за тое, каб яны «стварылі стрэсавую сітуацыю аратару».

«Было відаць, што падрыхтаваны яны былі вельмі слаба — з цяжкасцю разумелі, дзе яны і з кім увогуле размаўляюць. Спазненне на мерапрыемства (на паўтары гадзіны!) сведчыць пра тое, што іх знайшлі ў апошні момант. Узрост і неахайны знешні выгляд — пра наяўнасць матэрыяльных цяжкасцяў. Карацей, той самы кантынгент, які наймаюць для надпісаў «Вільня наша» або здымак беларускіх мітынгаў у Варшаве», — напісаў Мікалай.

Дзядок называе ўсю сітуацыю хутчэй кур’ёзнай, чым непрыемнай.

Нагадаем, на акцыі беларусаў на Дзень Волі ў Вільнюсе трое маладых людзей здымалі ўдзельнікаў. Відэа пазней былі выкарыстаны беларускімі дзяржаўнымі прапагандыстамі. Як высветлілася, маладыя людзі — украінцы, якім заплацілі за здымкі 70 долараў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!