На палях сесіі Савета ААН прайшоў сайд-івент пра правы чалавека ў Беларусі

У Жэневе ў рамках 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека адбыўся сайд-івент «Human Rights in Belarus», прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, становішчу палітвязняў і пытанням міжнароднай адказнасці.

Асаблівай падзеяй стаў удзел нобелеўскага лаўрэата і кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, які выйшаў на волю ў снежні мінулага года пасля 1613 дзён зняволення.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў крытычна выказаўся аб вызваленні палітвязняў як інструменце “дыпламатыі”.

«Калі рэжым патрабуе падзякі за вызваленне людзей, якіх сам незаконна кінуў за краты, гэта выглядае як просьба апладзіраваць выкрадальніку за тое, што ён вярнуў закладнікаў. Людзі ніколі не павінны быць прадметам торгу або дыпламатычнай валютай. Адзіны сапраўдны гуманітарны крок — вызваленне ўсіх палітвязняў з адначасовым спыненнем рэпрэсій», — заявіў ён.

У дыскусіі таксама ўдзельнічалі кіраўнік Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) Андрэа Хубер і незалежны эксперт ААН па Беларусі Карынна Маскаленка, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

У гэты ж дзень Святлана Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў сесіі, заклікаўшы дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, працягваць міжнародны ціск на рэжым і прыцягнуць яго да адказнасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!