З красавіка па жнівень выявілі 12 выпадкаў, калі мігранты спрабавалі выкапаць тунэлі пад фізічнай агароджай, каб трапіць з Беларусі ў Літву. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацелінас у Сейме, піша Delfi.
«Пагроза нелегальнай міграцыі расце, а выкапаныя пад дзяржаўнай мяжой тунэлі становяцца незаконнай альтэрнатывай для нелегальнага пранікнення ў Літоўскую Рэспубліку», — сказаў міністр.
Паводле яго слоў, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падрыхтавала план дзеянняў на выпадак выяўлення падобных тунэляў. Улады таксама супрацоўнічаюць з агенцтвам Frontex і прыватнымі арганізацыямі, выпрабоўваюць геарадары і закупляюць абсталяванне для выяўлення падземных поласцяў.
“Працягваюцца інвестыцыі ў сродкі барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, якія сталі найважнейшым інструментам у спыненні кантрабанды”, – адзначыў ён.
Нагадаем, у жніўні ў СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што падчас інцыдэнту паміж памежнікамі і мігрантамі, якія выбраліся з тунэля на мяжы з Беларуссю ў Лаздзійскім раёне, адзін з літоўскіх супрацоўнікаў быў збіты. Падчас канфлікту нібыта таксама была зроблена спроба зацягнуць аднаго з памежнікаў на беларускі бок, але супрацоўніку ўдалося вырвацца, са спасылкай на крыніцы паведамляў партал Lrytas.
Пасля публікацый міністр заявіў, што ў выпадку пацвярджэння гэтай інфармацыі не бачыць магчымасці для далейшай працы кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустама Любаева.
17 жніўня Кацелінас паведаміў, што Любаеў вырашыў пакінуць пасаду. Сам Любаеў патлумачыў адстаўку адказнасцю за дзейнасць службы і сумненнямі адносна яе працы, якія з’явіліся ў публічнай прасторы.
