На літоўска-беларускай мяжы зноў знайшлі тунэль

Літоўскія памежнікі выявілі падземны тунэль, які вядзе з Беларусі ў Літву. У яго пакуль не было выхаду на тэрыторыю Літвы, паведамляе літоўская памежная служба.

Раніцай 22 ліпеня памежнікі пры дапамозе тэхнічных сродкаў, якія фіксуюць ваганні зямлі, устанавілі, што каля вёскі Пясчай у Варэнскім раёне, верагодна, капаюць падземны тунэль.

Пры садзейнічанні польскіх памежнікаў, якія маюць неабходнае абсталяванне і досвед у падобных аперацыях, у памежнай паласе была прасвідравана свідравіна. Тунэль дыяметрам каля 1 метра быў выяўлены на глыбіні 1,5 метра. Ён цягнуўся з тэрыторыі Беларусі прыкладна на 5 метраў за лінію дзяржаўнай мяжы Літвы. Выхад на тэрыторыю Літвы пакуль не быў пракапаны.

Тунэль быў засыпаны. Літоўскі бок мяркуе, што ён рыхтаваўся для перапраўкі мігрантаў з Беларусі ў Літву.

Пачата дасудовае расследаванне.

Сёлета літоўскія памежнікі выявілі тры падземныя тунэлі: 6 красавіка, 6 і 26 мая. У 2025 годзе некалькі тунэляў выяўлялі на польскай і літоўскай межах.

Фота: vsat.lrv.lt
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!