Руслан Варанков. Скриншот видео
Беларусь не бачыць гатоўнасці Літвы да размовы, заявіў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Руслан Варанкоў, адказваючы на пытанне БелТА пра магчымасць кантактаў з Вільнюсам.
Учора прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла тэлеканалу TV3, што Літва вызначыла адказную асобу для перамоў з Беларуссю, але для пачатку дыялогу павінны быць выкананы пэўныя ўмовы.
МЗС Беларусі заяўляе, што не валодае інфармацыяй пра прызначанага перамоўніка і пра тэмы магчымых перамоў.
«Мы азнаёміліся з паведамленнямі пра тое, што літоўскі бок вызначыўся з кандыдатурай для магчымага ўзаемадзеяння. Аднак на сённяшні дзень у нас няма якой-небудзь канкрэтнай і афіцыйнай інфармацыі ні пра тое, хто будзе прадстаўляць Вільнюс, ні пра тое, якімі паўнамоцтвамі гэты чалавек надзелены, ні пра тое, які змест мяркуецца ўкласці ў такі дыялог.
Мяркуючы па ўсім, гэтае рашэнне адрасавана перадусім унутранай аўдыторыі — каб паказаць літоўскаму насельніцтву, што на беларускім напрамку нешта робіцца», — заявіў Варанкоў.
Беларускае МЗС заяўляе пра сваю адкрытасць да дыялогу, але не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да яго.
«Пакуль жа мы не бачым прадметных крокаў, якія дазвалялі б казаць пра гатоўнасць літоўскага боку да сур’ёзнай размовы. Разам з тым наша пазіцыя застаецца нязменнай: мы заўсёды выступалі за дыялог і па-ранейшаму адкрыты да яго. Але разлічваем не на медыйныя жэсты, а на канкрэтныя і змястоўныя крокі», — сказаў Варанкоў.
Нагадаем, на мінулым тыдні спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што спадзяецца на пачатак дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністра замежных спраў. Таксама, на яго думку, беларускія калійныя ўгнаенні павінны праходзіць праз Літву.
Літоўскае кіраўніцтва агучвала ўмовы для пачатку перамоў з Беларуссю: вырашэнне праблемы з метэазондамі і нелегальнай міграцыяй, вяртанне грузавікоў у Літву без дадатковых збораў і штрафаў.