Мирославас Троцкис. Фото из Facebook
Міністэрства замежных спраў Літвы афіцыйна пацвердзіла факт затрымання і ўзяцця пад варту грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса ў Беларусі, піша Delfi. Раней праваабаронцы паведамілі, што ён асуджаны да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці.
Паводле іх даных, Троцкіс прыехаў у Беларусь восенню 2024 года, каб наведаць сваякоў. Там яго затрымалі і прад’явілі абвінавачанне ў шпіянажы.
«Мы можам пацвердзіць, што гэты грамадзянін Літоўскай Рэспублікі затрыманы і ўзяты пад варту ў Рэспубліцы Беларусь. Пра яго затрыманне было паведамлена ў пасольства Літвы ў Мінску, консул наведаў чалавека, і падтрымліваецца пастаянны кантакт са сваякамі. Мы не можам прадаставіць дадатковую інфармацыю ў сувязі з абаронай персанальных даных», — паведамілі ў Дэпартаменце па камунікацыях і культурнай дыпламатыі МЗС Літвы.
У ведамстве дадалі, што яно «ўжо некалькі гадоў настойліва рэкамендуе грамадзянам Літвы ўстрымлівацца ад паездак у Беларусь, а тым, хто ўжо знаходзіцца ў краіне, варта неадкладна пакінуць яе з-за ўзніклай пагрозы затрымання».
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы пацвердзіў інфармаванасць пра апублікаваную інфармацыю, аднак ад публічных каментароў адмовіўся. Ведамства нагадала пра неаднаразовыя папярэджанні спецслужбаў адносна рызыкі правакацый пры паездках у Беларусь і Расію.