Мытня канфіскавала 154 кг псіхатропу ў беларуса на польскім грузавіку

Беларускія мытнікі перахапілі буйную партыю псіхатропу 4-ВМС. 154 кг рэчыва было выяўлена ў польскім грузавіку, якім кіраваў 44-гадовы грамадзянін Беларусі.

Як распавялі ў ДМК, аўтамабіль дастаўляў зборны груз. Ён перасек мяжу праз пункт пропуску «Казловічы». Далей кіроўца накіраваўся ў пункт пропуску «Брузгі» на пляцоўку для перагрузкі/перачэпкі.

“Тут аўтамабіль агледзелі з ужываннем інспекцыйна-дагляднага комплексу. І падчас далейшага дагляду вынялі з тайнікаў, абсталяваных у таварах, псіхатроп”, — гаворыцца ў паведамленні ДМК.

Пасля выяўлення партыі псіхатропу былі праведзены аператыўныя мерапрыемствы на тэрыторыі Расіі. Супрацоўнікі ФМС затрымалі трох чалавек, датычных да схемы. У аднаго з іх было канфіскавана яшчэ 6 кг гашышу і 20 грамаў какаіну.

“Па дадзеным факце Гродзенскай рэгіянальнай мытняй і ФМС Расіі ўзбуджаныя крымінальныя справы за кантрабанду наркотыкаў у асабліва буйным памеры, санкцыі артыкулаў якіх прадугледжваюць пазбаўленне волі аж да 20 гадоў”, — паведамілі ў ДМК.

У камітэце таксама патлумачылі, што 4-ВМС адносіцца да так званых дызайнерскіх псіхатропаў. Ён прадстаўлены з 2011 года. Па дзеянні падобны да амфетаміну і МДМА.

“154 кг 4-ВМС хапіла б на 700 тыс. доз, а кошт такой партыі на чорным рынку складае 10 млн долараў ЗША”, — дадалі ў ДМК.

Фота: ДМК
Фота: ДМК
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!