Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сабраў Савет бяспекі. Пра гэта паведамілі ў яго прэс-службе. Адкрываючы пасяджэнне, ён чарговы раз запэўніў, што не збіраецца ні на каго нападаць, аднак рост ваенных выдаткаў у суседніх краінах выклікае занепакоенасць.
“Мы не можам не бачыць гэтую самую мабілізацыю і мілітарызацыю. Устае простае зямное пытанне: «Калі нешта нехта робіць, значыць, яму для чаго гэта трэба?». Не будуць гэтыя краіны проста так траціць велізарныя грошы на, як яны кажуць, супрацьстаянне Расіі і Беларусі. Мы ні на каго не збіраемся нападаць. Нам усяго досыць”, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны нібыта нарошчваюць ваенныя выдаткі за кошт скарачэння сацыяльных.
“Ведаю пазіцыю Расіі. Ну, трэба чымсьці абгрунтаваць гэтыя траты ў той час, калі народ бяднее і закрываецца радзільнае аддзяленне бальніцы, калі на адукацыю не хапае грошай, калі жыллёва-камунальныя паслугі растуць непамерна, прыкладна ў пяць разоў выраслі, калі абразаюць электрычныя правады, па якіх цячэ танная электраэнергія.
Наколькі я ведаю, сёння некаторыя краіны ўжо спрабуюць разабраць чыгуначныя пуці, каб разарваць адносіны з намі і з Расіяй. Але гэта за межамі. Ужо ўстае пытанне: яны да псіхіятра ходзяць ці не?
Ну, калі вы не хочаце прыязджаць да нас па чыгунцы, ад нас не хочаце, каб людзі ехалі, ну, няхай гэта чыгунка стаіць. Яна ж нікому не перашкаджае. Не, трэба разабраць. Я памятаю, быў выпадак у нас у СНД, калі былы прэзідэнт Узбекістана загадаў разабраць дарогу ў Таджыкістан, чыгунку, і пасадзіць там дрэвы. Ну, цягам тыдня цяперашні прэзідэнт, ён там быў прэм’ер-міністрам, за тыдзень разабралі. Зусім нядаўна зноў пабудавалі гэтую чыгунку і супрацоўнічаюць з Таджыкістанам. Адразу ўсплывае ў памяці такое пытанне. Ну, напэўна, яны гэтага хочуць”, — сказаў ён.
На гэтым фоне, на думку Лукашэнкі, неабходна актуалізаваць абаронныя дзеянні краіны.
“Нам трэба актуалізаваць нашы абаронныя дзеянні для таго, каб усе бачылі, што мы гатовы абараняць кожны кавалачак нашай зямлі”, — дадаў ён.
“Мы не хочам вайны, мы нікога не лічым сваімі праціўнікамі і супернікамі. Але тым не менш мы рыхтуемся да гэтай вайны, каб яе не было. Тысячу разоў пра гэта сказана. І мы пра гэта адкрыта і рашуча заяўляем. Нашы інтарэсы вельмі простыя. Яны не выходзяць за межы нашых граніц. Усё ўнутры нашай дзяржавы”, — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсліў, што ён мае поўнае ўзаемаразуменне і падтрымку РФ у пытанні размяшчэння ядзернай зброі.
“Таму было пастаўлена пытанне аб вяртанні нам ядзернай зброі, што мы і зрабілі. Аб размяшчэнні на баявое дзяжурства самых сучасных комплексаў расійскай вытворчасці. Мы маем поўнае ўзаемаразуменне і падтрымку Расіі. Таму мы разам і будзем старацца абараніць нашу краіну. Мы ні на каго не збіраемся нападаць. Гэта не наша тэма. Хопіць. Наваяваліся”, — сказаў ён.
Таксама ў ходзе пасяджэння Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму мірнага працэсу паміж ЗША, РФ і Украінай. Ён кампліментарна выказаўся пра прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
“Як бы тут ні спрабавалі прынізіць ролю Трампа, ён малайчына ў гэтым плане. Учорашнія яго заявы міма народа не пройдуць. Ён хоча спыніць вайну, як ён кажа, для таго, каб не гінулі людзі. Можна вакол гэтага круціцца і казаць што заўгодна. Але што скажаш супраць таго, што робяць сёння амерыканцы?” — сказаў ён.
Лукашэнка не абышоў увагай адносіны з Літвой. Ён запатрабаваў ад Вільнюса сесці за стол перамоваў з Мінскам, падкрэсліўшы, што не варта прыцягваць трэція бакі да гэтага працэсу, а таксама, што рыторыка не дапаможа ў сітуацыі з грузавікамі літоўскіх перавозчыкаў.