Мужчына ў Брэсцкай вобласці спрабаваў спаліць жонку. Яго будуць судзіць

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 66-гадовага жыхара Брэсцкага раёна. Ён абвінавачваецца ў замаху на забойства з асаблівай жорсткасцю і наўмысным знішчэнні чужога пашпарта (ч. 1 арт. 14, п. 6 ч. 2 арт. 139, арт. 378 Крымінальнага кодэкса).

Паводле версіі абвінавачання, у лістападзе 2025 года мужчына ў нецвярозым стане пасварыўся з жонкай. Жанчына заявіла, што сыдзе ад яго, і пачала выходзіць з дома. Тады мужчына абліў жонку лёгкаўзгаральнай вадкасцю і падпаліў яе. Пацярпелая выбегла з дома, спрабуючы зняць адзенне і патушыць валасы. Тады мужчына штурхнуў яе яшчэ раз і зноў абліў гаручай вадкасцю. Бачачы стан жонкі, мужчына ўзяў з яе рук сумачку, дастаў пашпарт і, зайшоўшы ў двор, спаліў яго.

Як адзначылі ў пракуратуры, неабыякавыя грамадзяне патушылі агонь і аказалі пацярпелай медыцынскую дапамогу.

Пацярпелая 63-гадовая жанчына атрымала тэрмічныя апёкі полымем 16% ад агульнай плошчы паверхні цела, 2% з якіх былі глыбокімі.

Абвінавачаны застаецца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!