Reform.news

Музей Вольнай Беларусі запрашае на гістарычнае спатканне да 35-годдзя беларускай незалежнасці

Reform.news · 23 ліпеня 2026, 11:49

https://reform.news/be/muzej-volnaj-belarusi-zaprashae-na-gistarychnae-spatkanne-da-35-goddzya-belaruskaj-nezalezhnasczi/

27 ліпеня 2026 года спаўняецца 35 гадоў з дня прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі – дакумента, які стаў адным з ключавых крокаў на шляху да аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Гэтая дата сёння амаль знікла з грамадскай памяці, бо пасля палітычных зменаў 1990-х гадоў была выключаная з афіцыйнага календара беларускай дзяржавы. Аднак падзеі 1990–1991 гадоў сталі вызначальным момантам у гісторыі Беларусі: перыядам выхаду з савецкага дзяржаўнага праекту, фарміравання новых палітычных інстытутаў і пошуку мадэлі краіны.

Музей Вольнай Беларусі запрашае згадаць гэты важны этап беларускай гісторыі падчас адмысловага гістарычнага спаткання з даследчыкамі і экспертамі. Галоўным госцем сустрэчы стане Лявон Баршчэўскі – адзін з «дэпутатаў Незалежнасці», які прымаў актыўны ўдзел у працы Вярхоўнага Савета і палітычных працэсах, звязаных са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці.

У дыскусіі таксама возьме ўдзел прафесар Віктар Шадурскі – аўтар кнігі «Нараджэнне беларускага Левіяфана. Беларусь ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму (1990–1996)», прысвечанай аналізу палітычнай трансфармацыі Беларусі ў першыя гады незалежнасці. Вядоўцам сустрэчы выступіць Аляксей Ластоўскі, дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Падчас сустрэчы гісторыкі абмяркуюць: месца падзей 1990–1991 гадоў у гісторыі беларускай дзяржаўнасці; ролю Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і рашэнняў Вярхоўнага Савета; працэсы фарміравання інстытутаў незалежнай Беларусі;пераход ад парламенцкай мадэлі да новай палітычнай сістэмы ў 1990-я гады; значэнне гэтых падзей для сучаснай гістарычнай памяці.

Музей Вольнай Беларусі запрашае прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі далучыцца да асвятлення гэтай падзеі, распавесці сваёй аўдыторыі пра гістарычную дыскусію, прысвечаную 35-годдзю беларускай Незалежнасці, і прыняць удзел у сустрэчы.

Дата і час: 27 ліпеня 2026 года, 18:00

Месца: Музей Вольнай Беларусі, Варшава

Рэклама

Пакінуць адказ