Музей Марка Шагала папоўніўся рэдкімі творамі Восіпа Цадкіна – мастака Парыжскай школы родам з Віцебска

Культура
Восіп Цадкін «Крыцкі бык». Фота: Музей Марка Шагала ў Віцебску.

Калекцыя Музея Марка Шагала ў Віцебску атрымала каштоўны падарунак — тры графічныя лісты сусветна вядомага скульптара і графіка Парыжскай школы Восіпа Цадкіна. Гэта першыя творы авангардыста ў фондах установы.

Як распавяла дырэктарка музея Ірына Воранава, калекцыю папоўнілі рэдкія экзэмпляры друкаванай графікі, якія перадаў апякун і мецэнат музея, які пажадаў застацца невядомым.

Што ўвайшло ў новую калекцыю?

Сярод паступленняў — дзве літаграфіі і адна лінагравюра.

«Крыцкі бык» (1960 год) — літаграфія з культавай серыі «Подзвігі Геракла». Твор надрукаваны на шчыльнай гладкай веляневай паперы накладам у 350 асобнікаў у нямецкім выдавецтве ў Кёльне. У Віцебск трапіў 104-ты адбітак з арыгінальным карандашным подпісам аўтара.

«Акрабат» (1965 год) — літаграфія на веляневай паперы, якая выдавалася агульным накладам у 150 экзэмпляраў. Фонд музея папоўніў 135-ты адбітак, таксама падпісаны мастаком асадкай.

Музей Марка Шагала папоўніўся рэдкімі творамі Восіпа Цадкіна - мастака Парыжскай школы родам з Віцебска
Восіп Цадкін «Акрабат». Фота: Музей Марка Шагала ў Віцебску.

«Без назвы» (1938 год) — лінагравюра, створаная Цадкіным для знакамітага французскага мастацкага часопіса «XXe Siècle» («XX стагоддзе»). Твор мае аўтарскі подпіс ініцыяламі прама на друкарскай форме (на дошцы).

Паводле слоў кіраўніцтва музея, работы прыйшлі ў задавальняючым стане і практычна не патрабуюць рэстаўрацыі. Зараз яны праходзяць працэдуру афіцыйнага афармлення ў музейны фонд, пасля чаго іх плануюць паказаць публіцы на зменных выставах у Арт-цэнтры Марка Шагала.

Шлях Цадкіна дадому: ад «Арт-Беларусі» да шагалаўскага музея

Варта адзначыць, што першымі вяртаць спадчыну мастака на радзіму пачалі ў межах праекта «Арт-Беларусь», стваральнікам і натхняльнікам якога быў Віктар Бабарыка.

Дзякуючы «Белгазпрамбанку» ў Беларусь з Парыжа трапілі знакавыя скульптуры Цадкіна (у тым ліку «Вяртанне блуднага сына» і «Празніца»), якія дэманстраваліся на выставах у Мінску і Віцебску.

У 2020 годзе Віктар Бабарыка заявіў пра намер вылучацца ў кандыдаты ў прэзідэнты, пасля чаго быў затрыманы і асуджаны рэжымам Лукашэнкі да працяглага зняволення. Калекцыя «Белгазпромбанка» тады фактычна трапіла пад арышт. Сёння гэтыя творы даступныя для прагляду ў галерэі “Арт-Беларусь” ў Палацы мастацтва ў Мінску.

Музей Марка Шагала папоўніўся рэдкімі творамі Восіпа Цадкіна - мастака Парыжскай школы родам з Віцебска
Восіп Цадкін «Без назвы». Фота: Музей Марка Шагала ў Віцебску.

Сімвалічная сустрэча двух віцебчукоў

Папаўненне віцебскага музея працамі Цадкіна — у пэўным сэнсе вяртанне двух землякоў і паплечнікаў пад адзін дах.

Сцежкі Марка Шагала і Восіпа Цадкіна шчыльна перапляталіся на працягу ўсяго жыцця.

Абодва мастакі нарадзіліся ў Віцебску, вучыліся ў адным класе Віцебскага гарадскога вучылішча і атрымалі першыя мастацкія навыкі ў прыватнай школе Юдэля Пэна.

У пачатку XX стагоддзя яны апынуліся ў Францыі і жылі па суседстве ў легендарным фаланстэры мастакоў «Вулей» (La Ruche) на Манпарнасе, стаўшы яркімі прадстаўнікамі Парыжскай школы.

Падчас Другой сусветнай вайны абодва творцы былі вымушаныя збегчы ад нацызму ў ЗША і ў 1942 годзе ўдзельнічалі ў знакавай нью-ёркскай выставе Artists in Exile («Мастакі ў выгнанні»).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.