МУС прызнала Вейшнорыю “экстрэмісцкім фармаваннем”

У пераліку МУС з’явілася новае “экстрэмісцкае фармаванне” «Viejšnoryja | Вейшнорыя». Адпаведнае рашэнне міністэрства датавана 2 сакавіка.

У сувязі з фармаваннем згадваецца імя арт-менеджара Алега Ларычава. Пра яго затрыманне стала вядома ў канцы лістапада мінулага года. У снежні ён быў пераведзены ў следчы ізалятар па палітычна матываванай крымінальнай справе. Алега Ларычава прызналі палітвязнем.

У пералік МУС таксама ўнесены Telegram-рэсурсы “Вейшнорыя”, «Urban Myths», асабістыя старонкі Ларычава «ВКонтакте», «Одноклассниках», Х, лагатып у выглядзе сеткі, якая складаецца з перакрыжаваных ліній белага колеру і размешчаных на чорным фоне.

Нагадаем, Вейшнорыя – выдуманае ўтварэнне, якое выступала ў якасці ўмоўнага праціўніка ў легендзе беларускa-расійскіх вучэнняў “Захад-2017”. Ідэя такой “краіны” тады спадабалася беларусам і спарадзіла мноства мемаў і ініцыятыў, ажно да жартоўнага грамадзянства “Вейшнорыі”.

Трэба адзначыць, што абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі для барацьбы з апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!