Роман Кисляк. Фото из Facebook
Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі будзе чакаць рашэння Камітэта ААН па правах чалавека па справе беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка. Пра гэта ён расказаў «Позірку».
Кісляк з’явіўся ў Дэпартамент міграцыі ў Тбілісі па патрабаванні памежнай паліцыі Грузіі. Супрацоўніца дэпартамента сказала, што ведае пра кейс Кісляка.
«Я сказаў, што ў мяне ёсць часовыя меры, дастаў дакументы, а яна сказала: “Не-не, не трэба, мы ведаем, што ваша справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека. Мы чакаем, пакуль камітэт прыме рашэнне”», — расказаў праваабаронца.
Чаканне рашэння можа расцягнуцца на пяць гадоў, лічыць Кісляк. Ён дадаў, што Дэпартамент міграцыі па-ранейшаму адмаўляецца выдаваць яму дакументы, якія легалізуюць яго знаходжанне ў Грузіі.
Таксама Кісляк павінен з’явіцца ў дэпартамент на інтэрв’ю, але не ведае, пра што яго будуць пытацца.
Раман Кісляк жыве ў Грузіі. У лютым 2024 года скончыўся тэрмін дзеяння яго беларускага пашпарта, а новы ён не можа атрымаць у пасольстве Беларусі ў Тбілісі праз «пашпартны ўказ». Грузінскія ўлады адмаўляюцца прадастаўляць яму прытулак. Выдадзенае грузінскімі ўладамі часовае пасведчанне асобы таксама страціла сілу, а новае, паводле слоў праваабаронцы, яму не аформілі. Праваабаронца не мае ніякага афіцыйнага статусу — ні суіскальніка прытулку, ні асобы, у дачыненні да якой вядзецца працэдура дэпартацыі.
Пры гэтым у дачыненні да Кісляка дзейнічаюць часовыя меры абароны, прынятыя Камітэтам ААН па правах чалавека, які разглядае яго скаргу на адмову грузінскіх ўладаў прадаставіць яму прытулак.
16 ліпеня дадому да Кісляка прыйшлі супрацоўнікі памежнай паліцыі і склалі на яго пратакол за нелегальнае знаходжанне ў Грузіі.