Изображение: МВД
У Гомелі затрыманы 23-гадовы мясцовы жыхар. У дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа. Ён падазраецца ў рэабілітацыі нацызму. Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС.
Гамяльчаніна затрымлівалі пры падтрымцы атрада спецпрызначэння “Гром” унутраных войскаў.
“Мужчына наўмысна сістэматычна размяшчаў у Telegram-чатах, прызнаных судом экстрэмісцкімі, матэрыялы, накіраваныя на рэабілітацыю і папулярызацыю ідэй нацызму. Падобнымі паведамленнямі затрыманы спрабаваў ачарніць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і герояў, якія змагаліся з ворагам”, — гаворыцца ў паведамленні МУС.
У маладога чалавека канфіскаваныя “незарэгістраваная сімволіка і сцягі, прадметы нацысцкай формы, розная халодная зброя 1940-х гадоў, а таксама тэматычная літаратура і прадметы, якія выкарыстоўваюцца для прапаганды ідэалогіі гвалту і нянавісці”.
Адзначаецца, што раней затрыманы ўжо тройчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.