Прычын для ўстаноўкі расійскага мэсенджара Max у беларусаў можа аказацца нямала. Перш за ўсё — сувязь з сваякамі і сябрамі ў РФ, бо сэрвісы папулярных WhatsApp і Telegram Раскамнагляд блакіруе з пачатку 2026 года. Хтосьці мог усталяваць з цікаўнасці, хтосьці — асцерагаючыся магчымай блакіроўкі «варожых» мэсенджараў і ў Беларусі. Пра спадарожныя рызыкі мала хто задумваецца. Акрамя беларускага рэжыму, для якога рост папулярнасці Max у нашай краіне пагражае вялікімі непрыемнасцямі.
У расійскім мэсенджары Max зарэгістравана 1 300 000 карыстальнікаў з Беларусі, сцвярджае прэс-служба сэрвісу. Калі верыць гэтым дадзеным, атрымліваецца не так і мала — каля 15% ад насельніцтва нашай краіны, уключаючы дзяцей і старых.
Тым часам эксперты перакананыя — Max ствараўся для таго, каб узмацніць кантроль над расіянамі. Распрацоўвала Max даччыная кампанія VK «Коммуникационная платформа» пры падтрымцы і пад кантролем расійскай дзяржавы. Дастаткова адзначыць, што для доступу да расійскай лічбавай платформы «Госуслуги» распрацоўшчыкі мэсенджара выканалі шэраг патрабаванняў ФСБ, якая ўзгадняла гэты працэс. Расійскія спецслужбы маюць неабмежаваны доступ да інфармацыі, якой карыстальнікі дзеляцца ў Max.
Як распавёў DW Леанід Юлдашаў, каардынатар праектаў eQualitie — некамерцыйнай арганізацыі, якая распрацоўвае тэхналогіі для павышэння лічбавай і грамадскай устойлівасці — у Max адсутнічае скразное шыфраванне перапіскі, а ўся інфармацыя, уключаючы чарнавікі паведамленняў, укладанні, прыватныя і групавыя чаты, даступная адміністратарам і сілавікам. А нядаўнія даследаванні, апублікаваныя на ntc.party і «Хабр», выявілі шпіёнскі модуль у мабільнай версіі Max для Android. Мэсенджар адсочвае выкарыстанне VPN, правярае даступнасць заблакаваных рэсурсаў, уключаючы Telegram і WhatsApp, і перадае дадзеныя на серверы. Гэта дазваляе сілавым структурам і Раскамнагляду фарміраваць агульную карціну абыходу блакіровак, сачыць за канкрэтнымі карыстальнікамі і блакаваць VPN-злучэнні.
«Max збірае на свой сервер велізарную колькасць дадзеных пра карыстальніка і прыладу. Глядзіць характарыстыкі прылады, кантакты, спіс іншых усталяваных прыкладанняў і збірае масу іншай інфармацыі», — сцвярджае кіраўнік праекта «Сетевые свободы» Станіслаў Селязнёў.
Max не давяраюць самі расійскія чыноўнікі. Faridaily паведамляла, што высокапастаўленыя дзяржаўныя службоўцы, дэпутаты і менеджары дзяржаўных кампаній у РФ купляюць сабе спецыяльныя «чыстыя» сім-карты і дэвайсы для ўстаноўкі гэтага мэсенджара.
«Усе лічаць, што калі ты ўсталяваў сабе на тэлефон Max, то гэта ўсё роўна што ты аднёс яго ў ФСБ», — патлумачыў выданню блізкі да ўрада суразмоўца.
І калі расіян загонваюць у Max пернікам і бізуном, аж да пагроз звальнення з працы, то беларусы хто добраахвотна, хто вымушана, без усялякага ціску ўсталёўваюць на свае прылады мэсенджар-шпіён.
А колькі сярод іх дзяржаўных службоўцаў, чыноўнікаў і іншых людзей, якія маюць доступ да інфармацыі? Не абавязкова той, што складае дзяржаўную таямніцу, але надзвычай цікавай спецслужбам суседняй краіны? Пра настроі ў беларускім грамадстве, у эшалонах улады нізавога і сярэдняга звяна, пра працэсы, што ідуць за кулісамі, і гэтак далей? З дапамогай Max расійская ФСБ атрымлівае доступ да гэтых і іншых дадзеных, якімі звычайныя і не вельмі беларусы могуць абменьвацца ў перапісцы і ў галасавых паведамленнях.
З інфармацыйным суверэнітэтам у беларускага рэжыму не складваецца. Грамадзяне трывала сядзяць на замежных пляцоўках, няхай гэта заходнія накшталт Facebook або расійскія «ВКонтакте» і «Одноклассники». Гэтаму ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. З аднаго боку, зрабіць паспяховы праект, разлічаны на краіну з насельніцтвам у 9 мільёнаў, надзвычай цяжка. З другога, ва ўмовах рэпрэсій, татальнай цэнзуры і рызык «адціскання» бізнесу ахвотных брацца за такую маштабную задачу няма. А ўсе незалежныя, больш-менш папулярныя праекты, здольныя супрацьпаставіць расійскаму ўплыву беларускую павестку, знішчаныя пасля падзей 2020 года. Вызваленую нішу хутка занялі сваімі арыямі маскоўскія госці.
А вось спробы айчыннай прапаганды «ахмурыць» карыстальнікаў на расійскіх пляцоўках выглядаюць душараздзіральна дрэнна. У «ВКонтакте» на старонках «Беларусь 1», АНТ і СТБ па пару-тройку лайкаў і рэпостаў. І на відэахостынгу RuTube праглядаў кот наплакаў. З падпіскамі таксама бяда. У асноўнага акаўнта тэлеканала АНТ – 6243 падпісчыкі, у СТБ – 2008, у Беларусь 1 – 4798. Размешчаныя месяц таму відэа набіраюць у лепшым выпадку некалькі сотняў праглядаў. Падобна, у адрозненне ад YouTube, там ніхто нічога не накручвае, і дадзеныя адлюстроўваюць рэальны інтарэс карыстальнікаў да кантэнту беларускай прапаганды.
Але на ўласным «першым мультымедыйным партале» Videobel справы ідуць так жа, а можа і горш — там статыстыка праглядаў увогуле закрыта. Відавочна, каб нікога не бянтэжыць.
Тое ж і з мэсенджарамі. У свой час трубілі пра айчынны праект Depesha, распрацаваны кампаніяй – рэзідэнтам ПВТ «Фокс 3». Паведамлялася, што спачатку гэты мэсенджар стваралі выключна для работнікаў беларускіх дзяржаўных структур. Але потым вырашылі дапусціць да яго ўсіх ахвотных. А іх на праверку аказалася зусім няшмат — у Google Play на дадзены момант у мэсенджара 10 тысяч плюс загрузак. У App Store ацэнак у яго няма — не набралася неабходнай колькасці карыстальнікаў, якія іх выставілі. З «Дэпешай» справа не пайшла. А цяпер яшчэ і шпіёнскі Max услед. З усімі яго ўцечкамі і сувязямі з ФСБ РФ.
І што, беларускі рэжым спакойна будзе глядзець на тое, як старэйшы брат пільна сочыць за табой? Хто яго ведае, да чаго дакапаюцца і як гэта выкарыстаюць. «Балючых кропак», пра якія з прыватных размоў і перапіскі беларусаў будзе цікава даведацца расійскім спецслужбам, знойдзецца нямала. А сярод мільёна з лішнім непазбежна знойдуцца і тыя, хто нешта ведае, ды не ўмее сачыць за сваім языком. Праблема. Прапасці пагражае калі не ўсё, то многае.
А што застаецца, акрамя як скрыгатаць зубамі? Заблакаваць у сябе гэты Max? Дык расіяне па галаве не пагладзяць і хутка ўладкуюць «цёмную» за такое самаўпраўства.
Пагроза ёсць, і рэжым напэўна яе ўсведамляе. Добра, пакуль вецер дзьме спадарожны, з усходу. А калі заўтра ён зменіцца, і Крэмль вырашыць, што прыйшоў час прыціснуць свайго саюзніка?
Але эфектыўных інструментаў для супрацьдзеяння няма. Суверэнітэт, у тым ліку інфармацыйны, страціць лёгка. Вярнуць назад у сто разоў складаней.
Застаецца толькі назіраць, як крытычная і не вельмі важная інфармацыя ўцякае ў чэпкія лапкі расійскіх спецслужбаў. Максімум магчымага — цішком папярэджваць і палохаць дзяржаўных службоўцаў і дапушчаных да адчувальнай інфармацыі не распаўсюджвацца пра яе ў новаспечаным расійскім мэсенджары. І спадзявацца на «беглых», на незалежныя медыя, якія з-за «бугра» папярэдзяць беларусаў усталёўваць гэтае шпіёнскае шчасце на свае прылады. Хаця б без крайняй неабходнасці. А калі ўжо выкарыстоўваць, то з максімальнымі мерамі засцярогі.
Ну вось, мы сваю місію выканалі. А вы ў сваіх высокіх кабінетах рабіце высновы.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news