Алла Соколенко после освобождения. Фото: личный архив героини
Грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка, якая правяла ў Беларусі амаль 4 гады пасля абвінавачанняў у шпіянажы, расказала пра зняволенне ў СІЗА КДБ і гомельскай калоніі №4. Яна была вызвалена 13 снежня 2025 года разам са 122 іншымі палітвязнямі.
У інтэрв’ю праваабарончаму цэнтру «Вясна» яна распавядае пра псіхалагічны ціск, які ўжывалі да яе з першых дзён затрымання, у тым ліку пра «мяккі пакой» — падвал без вокнаў з мяккімі сценамі, куды зняволеных змяшчалі за найменшыя парушэнні.
Ала прыехала ў Беларусь на некалькі дзён, каб зрабіць касметычную аперацыю. Разам з сяброўкай яна збіралася з’ехаць праз некалькі дзён, калі да жанчын падышлі супрацоўнікі КДБ і паведамілі пра затрыманне. Спачатку яны падумалі, што гэта розыгрыш: на наступны дзень у сяброўкі Алы быў дзень нараджэння, і жанчыны вырашылі, што гэта няўдалы жарт яе мужа.
“Але нас пасадзілі ў розныя машыны, прывезлі ў нейкі будынак з жалезнымі варотамі і спыталі, ці ведаю я, што такое контрвыведка, — успамінае Ала. — Падчас допыту высветлілася, што мяне ўзялі ў закладнікі для абмену на беларуса, які знаходзіўся ў Латвіі. Мне прама казалі: “Данясіце да сваіх, што беларусам патрэбны іх чалавек”. Яны хацелі, каб мае сваякі звязаліся са спецслужбамі Латвіі для арганізацыі абмену. Маю сяброўку, грамадзянку Расіі, адпусцілі на трэці дзень, а я засталася як грамадзянка Латвіі”.
Паводле версіі следства, Ала прыехала з мэтай шпіянажу і вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, аднак сама яна сцвярджае, што размаўляла толькі з работнікамі аптэк і крамаў. Следства спрабавала знайсці зачэпкі ў яе сацсетках, і каля 20 допытаў правялі толькі па перапісках Алы.
Следства цягнулася роўна 18 месяцаў — максімальна магчымы тэрмін паводле закона. Але паставілі ультыматум: калі яна прызнае віну (тым самым пацвердзіўшы ўдзел у шпіянажы пад выглядам аперацыі), яе пасадзяць на 3 гады, калі не — на 7 гадоў. Яна адмовілася прызнаваць віну.
“У іх проста ў кабінеце вісеў на сцяне плакат: “Калі вы яшчэ на волі, гэта не ваша заслуга, а наша недапрацоўка”, — кажа яна.
Ала расказала пра выкарыстанне «мяккага пакоя» — памяшкання без вокнаў і з мяккімі сценамі, куды зняволеных змяшчалі за найменшыя «парушэнні». Камеры ж былі абсталяваныя вёдрамі замест туалетаў, а дзяжурны кантралёр пастаянна назіраў за зняволенымі праз вочка ў дзвярах.
“Персанал паводзіць сябе па-хамску, дваццацігадовыя хлопцы звярталіся да мяне “Эй, ты, падышла”. За любое “парушэнне” (не так паглядзела, не ў той час уставала за лінію, за якой трэба было строіцца кожны раз, калі хтосьці заходзіў у камеру) маглі спусціць у “мяккі пакой” у падвале.
Гэта памяшканне без вокнаў, з мяккімі сценамі і падлогай, аббітымі каўралінам, з пахам вільгаці і паўзмрокам. Пасля трох-чатырох дзён там звычайная камера здаецца раем. Мяне спускалі туды каля пяці разоў за “няправільныя” погляды або размовы падчас праверак. Акрамя таго, камеры там ідуць па коле, па якім увесь час ходзіць кантралёр і зазірае ў кожную камеру. То-бок у цябе ў вочку ў камеры пастаянна тырчыць чыёсьці вока”, — успамінае яна.
Лісты ў Еўропу яна спачатку не магла адпраўляць, бо не было патрэбных канвертаў, а сустрэча з консулам адбылася пасля хітрасці, калі Ала заявіла пра неабходнасць аформіць даверанасць для аплаты кватэры і адваката. Зносіны з малодшым сынам дазваляліся толькі праз перадачы, спатканні адбыліся ўжо ў калоніі.
Суд быў закрытым, на яго не пусцілі нават консула Латвіі. Пасля вынясення прысуду — 7 гадоў зняволення — Алу накіравалі ў гомельскую жаночую калонію № 4. Яна распавядае, што палітвязняў там называлі «дзясятай» катэгорыяй. Ім стваралі складаныя ўмовы: людзі спалі на верхніх ярусах, выконвалі фізічныя заданні за абмежаваны час і падвяргаліся прыдзіркам адміністрацыі. Ала выпрацавала для сябе правілы выжывання — пазбягаць канфліктаў, абмяжоўваць кантакты і не прыцягваць да сябе ўвагі.
“Калі палітычныя хацелі паглядзець навіны, іншыя асуджаныя крычалі: “О, дзясятая катэгорыя пульт захапіла! Раз уладу не ўдалося захапіць, дык хоць пульт захапілі?”. Звычайныя зняволеныя былі ўпэўненыя, што я прыехала з Латвіі зрынуць уладу. Я спрабавала тлумачыць, казала, што сяджу тут ні за што, а яны адказвалі: “Ну вядома, вядома, ні за што. Вы ўсе, дзясятая катэгорыя, сядзіце ні за што. Проста ўсе хацелі зрынуць уладу”, — распавядае Ала.
Ала адзначае, што для тых, хто віну не прызнаў, ствараюцца яшчэ горшыя ўмовы. Праз паўгода ў калоніі яна напісала заяву, што прызнае віну, бо не хацела гэтага прэсінгу.
У калоніі Ала не працавала, бо паводле беларускага заканадаўства на той момант яна ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту. Спачатку гэта здавалася ёй пакутлівым, бо за працай час ідзе хутчэй. Але потым яна змяніла сваё меркаванне.
“Я бачыла, як дзяўчаты па 25 хвілін ідуць на прамзону калонамі, як зомбі, — успамінае жанчына. — З апушчанымі галовамі ўсе паўзуць строем на гэтую фабрыку пры любым надвор’і. Потым праходзяць дагляд кантралёраў — без яго яны не трапяць на тэрыторыю фабрыкі.
Усё адбываецца вельмі павольна, калі вельмі горача, нехта нават мог страціць прытомнасць у строі. Таму мне пашанцавала, што я не працавала, а толькі дзяжурыла ў атрадзе паводле графіку. Таму да калоніі нельга адаптавацца. Можна толькі казаць напрыканцы дня: “Слава Богу, яшчэ адзін дзень прайшоў” — і чакаць навін, раптам ты трапіш у гэты шчаслівы спіс на вызваленне”.
Вызваленне адбылося раптоўна: яна не пісала прашэнняў аб памілаванні і не атрымлівала папярэджанняў. Уначы Алу разбудзілі і загадалі сабраць рэчы. Падчас паездкі ў мікрааўтобусе ў масцы яна не ведала, куды яе вязуць, і баялася за жыццё.
Пасля машына звярнула з шашы на глухую прасёлкавую дарогу, мікрааўтобус прыехаў у месца, дзе знаходзіліся яшчэ некалькі людзей.
“Там я ўбачыла некаторых палітвязняў, — успамінае Ала. — Гэта быў праваабаронца Алесь Бяляцкі, японец — выкладчык, якога абвінавацілі ў шпіянажы за фатаграфаванне вёсак падчас этнаграфічных экспедыцый, грамадзянін Польшчы…”
Пазней высветлілася, што яе вызваленне было часткай абмену палітвязняў, аднак латвійскі бок адмовіўся выдаваць чалавека, на якога Беларусь хацела абмяняць Алу.
Пасля вяртання ў Латвію жанчына сутыкнулася з фінансавымі праблемамі: за час зняволення назапасіліся даўгі па кватэры, бо яе дзеці не спраўляліся з плацяжамі, а адсутнасць афіцыйнага пацвярджэння палітычных рэпрэсій ускладняла ўзаемадзеянне з сацыяльнымі службамі. Каб пагасіць даўгі, яна просіць дапамогі.
“Я вельмі перажываю за дзяўчат, якія засталіся там, — кажа Ала. — “Дзясятая катэгорыя” — гэта інтэлігентныя, адукаваныя людзі, гонар калоніі. Там сядзяць за каментары, за пералічэнне 10 рублёў у фонды дапамогі, за праяўленую эмпатыю. Гэта страшны абсурд, у які цяжка паверыць, пакуль сам праз гэта не пройдзеш”.