Фото: akorda.kz
Прэзідэнты Казахстана і Узбекістана ўсё ж прымуць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, у Маскве. Раней паведамлялася, што яны не будуць прысутнічаць на парадзе.
Прэс-сакратар прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева Айбек Смадзіяраў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што Такаеў будзе ўдзельнічаць ва «ўрачыстых мерапрыемствах» і правядзе асобную сустрэчу з расійскім прэзідэнтам для абмеркавання «ключавых пытанняў стратэгічнага супрацоўніцтва».
«Крэмль выказаў задавальненне ў сувязі з гэтым рашэннем казахскага лідара, назваўшы яго будучы рабочы візіт у Маскву „сяброўскім крокам“. У рамках візіту запланаваная асобная сустрэча Касыма-Жамарта Такаева з Уладзімірам Пуціным», — напісаў Смадзіяраў.
Прэс-служба прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева паведаміла, што ён вылецеў у Маскву з рабочым візітам.
«Праграмай знаходжання прадугледжаны ўдзел кіраўніка нашай дзяржавы ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 81-й гадавіны Перамогі ў Другой сусветнай вайне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Аляксандр Лукашэнка ужо знаходзіцца ў Маскве. Праграмай прадугледжаны ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах і сустрэча з Пуціным. У Маскву таксама прыляцеў прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца. Раней ён заяўляў, што прыме ўдзел ва ўскладанні вянкоў, але не пойдзе на парад.
Памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў заявіў ТАСС, што Лукашэнка, Такаеў і Мірзіёеў будуць прысутнічаць на парадзе на Краснай плошчы.