Фото: unsplash.com
Міжнародная федэрацыя хакея пакінула ў сіле забароны для зборных Беларусі і Расіі. Пра гэта напісаў журналіст The Athletic Крыс Джонстан.
«Паводле звестак крыніц, санкцыі супраць Расіі і Беларусі застаюцца без зменаў. Яны па-ранейшаму не маюць права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах з-за меркаванняў бяспекі», — напісаў ён.
На сайце IIHF пакуль няма афіцыйнага абвяшчэння аб выніках пасяджэння савета арганізацыі.
За дзень да яго Джонстан апублікаваў у The Athletic разгорнуты матэрыял пра перспектывы адмены санкцый у дачыненні да зборных Беларусі і Расіі. У прыватнасці, кіраўнік IIHF Люк Тардыф паведаміў для артыкула, што МАК мае намер вярнуць расійскія каманды да летніх Алімпійскіх гульняў 2028 года, якія пройдуць у Лос-Анджэлесе. Ён дапусціў, што калі РФ і Беларусь вернуцца да 2028 года ў іншых відах спорту, у хакеі іх вяртанне можа адбыцца да 2030 года.
Крыніца выдання таксама паведаміла, што Фінляндыя, Швецыя і Чэхія, хутчэй за ўсё, адмовяцца ўдзельнічаць у спаборніцтвах з расійскай камандай ва ўмовах працяглай вайны. Так жа сама можа паступіць і ўрад Канады.
«Калі прыйдзе час, мы запрасім іх унутр. Мы ўсё яшчэ падтрымліваем кантакт. На дадзены момант немагчыма спланаваць арганізацыю чэмпіянату свету і вяртанне ў Расію ў кантэксце бягучай сітуацыі», — сказаў для артыкула Тардыф.