Мінздароўя рэкамендавала беларусам не ехаць у Конга і Уганду

Міністэрства аховы здароўя Беларусі праз 12 дзён пасля таго, як СААЗ абвясціла надзвычайную сітуацыю з-за ўспышкі ліхаманкі Эбола, выкліканай артаэболавірусам Bundibugyo (BVD) у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Угандзе, вырашыла выпусціць рэкамендацыі і для беларусаў.

«У цяперашні час Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе грамадзянам устрымацца ад наведвання названых афрыканскіх краін без крайняй неабходнасці», — гаворыцца ў паведамленні.

У міністэрстве таксама запэўнілі, што сітуацыя знаходзіцца на пастаянным кантролі ведамства, спецыялістамі санітарнага нагляду вядзецца бесперапыннае адсочванне эпідэміялагічнай абстаноўкі ў свеце.

«У выпадку з’яўлення сімптомаў інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы, слабасць, галаўны боль, мышачныя болі) пасля вяртання з краін, неспрыяльных па ліхаманцы Эбола, неабходна неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Рэкамендуецца выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі дадому, абавязкова праінфармаваўшы дыспетчара пра факт знаходжання ў замежнай краіне і магчымыя кантакты», — дадалі ў міністэрстве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!