Мінздароўя папярэдзіла беларусаў пра пік актыўнасці кляшчоў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі нагадала пра правілы абароны ад кляшчоў у разгар сезона. Паводле даных ведамства, пік нападаў прыпадае на май і чэрвень. Яны падпільноўваюць у траве і на невысокіх кустоўях, чапляючыся за адзенне на ўзроўні галёнкі або сцягна, а затым падымаюцца ўверх.

Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі хваробы Лайма, кляшчавога энцэфаліту, эрліхіёзу і анаплазмозу. Для абароны рэкамендуецца насіць светлае закрытае адзенне, выкарыстоўваць рэпеленты, хадзіць па сцежках, не ляжаць на траве і рэгулярна аглядаць сябе, дзяцей і хатніх жывёл падчас і пасля прагулкі. Маленькіх дзяцей лепш насіць на руках або вазіць у калясках.

Пры выяўленні кляшча, які прысмактаўся, не варта спрабаваць выдаліць яго самастойна. Неабходна як мага хутчэй звярнуцца ў найбліжэйшую арганізацыю аховы здароўя, раяць у ведамстве.

Мінздароўя таксама нагадала пра вакцынацыю ад кляшчавога энцэфаліту. Каб імунітэт паспеў сфарміравацца да пачатку сезона, аптымальны графік прадугледжвае першую дозу восенню і другую — узімку або на пачатку вясны. Прышчапіцца можна і летам, аднак у перыяд выпрацоўкі антыцелаў чалавек застаецца ўразлівым. Поўны курс вакцынацыі не дае стопрацэнтнай гарантыі і не адмяняе неабходнасці выконваць меры засцярогі, адзначылі спецыялісты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!