Мінскі аэрапорт тэстуе самарэгістрацыю і самастойную здачу багажу

З 1 ліпеня Нацыянальны аэрапорт Мінск запускае ў тэставым рэжыме сэрвіс самастойнай рэгістрацыі і здачы багажу. На першым этапе паслуга даступная толькі для рэйсаў «Аэрафлота».

Сістэма ўключае стойку самарэгістрацыі і два кіёскі самастойнай здачы багажу, размешчаныя ў зоне вылету на трэцім паверсе каля ўваходаў 3–4, у раёне стоек рэгістрацыі №33–34. Зарэгістравацца на рэйс можна за 24 гадзіны да вылету, а здаць багаж — за дзве гадзіны.

На стойцы самарэгістрацыі пасажыру даступныя тры опцыі: рэгістрацыя на рэйс для пасажыраў, якія папярэдне не прайшлі анлайн-рэгістрацыю, афармленне багажу і раздрукоўка пасадачнага талона для тых, хто загадзя прайшоў анлайн-рэгістрацыю. Калі сістэма распазнае дакументы як такія, што патрабуюць дадатковай праверкі, пасажыра накіруюць да стойкі рэгістрацыі.

Падчас самастойнай здачы багажу трэба ўзважыць чамадан, пацвердзіць адсутнасць небяспечных грузаў, атрымаць багажную бірку і прымацаваць яе да багажу. Затым трэба будзе пакласці чамадан на транспартную стужку каля кіёска, адсканаваць бірку і адправіць багаж. Негабарытны багаж да самастойнай здачы не дапускаецца.

Фота: t.me/MinskNationalAirport
Фота: t.me/MinskNationalAirport
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!