Скриншот видео
На беларуска-польскай мяжы затрыманыя двое замежнікаў, у якіх былі выяўлены наркотыкі, паведамляе ДПК.
27 чэрвеня легкавы аўтамабіль з сям’ёй з Германіі ўязджаў у Беларусь праз пункт пропуску «Брэст». Падчас агляду службовы сабака зацікавіўся рэчамі 28-гадовага пасажыра. Памежнікі знайшлі ў яго сумцы здрабняльнік з рэшткамі рэчыва цёмна-зялёнага колеру. Экспертыза паказала, што гэта марыхуана.
Таксама ў замежніка канфіскавалі дзве электронныя цыгарэты, як мяркуецца, з алеем канабісу, і блістар з таблеткамі, на якія зрэагаваў сабака. Прадметы накіраваныя на экспертызу.
У гэтым жа пункце пропуску 29 чэрвеня быў затрыманы 22-гадовы грамадзянін Францыі. Ён уязджаў у Беларусь на аўтамабілі разам са сваімі сваякамі — грамадзянамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. На хлопца зрэагаваў службовы сабака. Ён не стаў адмаўляцца і добраахвотна выдаў скрутак з марыхуанай. Акрамя гэтага, у яго сумцы знайшлі здрабняльнік з рэшткамі наркотыку.
Медыцынскі агляд пацвердзіў, што замежнік ужываў наркатычныя сродкі.
У дачыненні да абодвух замежнікаў узбуджаныя крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 328 і ч. 1 арт. 328-1 КК (незаконны абарот наркотыкаў і іх перамяшчэнне праз мяжу). Абодва змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Брэсцкай пагранічнай групы.