Мінскі аэрапорт хоча стаць дэманстрацыйнай пляцоўкай тэхнікі МАЗ

Нацыянальны аэрапорт “Мінск” можа стаць дэманстрацыйнай пляцоўкай тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода. Пра гэта ішла гаворка падчас наведвання завода дэлегацыяй аэрапорта “Мінск” на чале з генеральным дырэктарам Уладзімірам Чараухіным.

Прадстаўнікі аэрапорта пабывалі на новай аўтобуснай вытворчасці, пазнаёміліся з рознымі этапамі стварэння пасажырскай тэхнікі МАЗ. Былі прадэманстраваныя ўзоры выпушчанай тэхнікі.

На сустрэчы з кіраўніцтвам МАЗа бакі абмеркавалі перспектывы паставак Нацыянальнаму аэрапорту “Мінск” новай тэхнікі, у тым ліку і для абнаўлення і папаўнення аўтобуснага парку аэрапорта. Асобная ўвага была нададзеная пытанням набыцця электратранспарту.

“Бакі акрэслілі шляхі далейшага супрацоўніцтва, улічваючы ўзаемную зацікаўленасць: Нацыянальны аэрапорт “Мінск” як галоўныя паветраныя вароты краіны мог бы стаць своеасаблівай дэманстрацыйнай пляцоўкай тэхнікі МАЗ, якую ў абслугоўванні пасажыраў і задзейнічаную ў вытворчым працэсе на аэрадроме заўважаюць госці іншых дзяржаў, што прылятаюць у краіну”, – паведамілі ў прэс-службе аэрапорта.

Бакі адзначылі далейшую зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін.

Фото: t.me/MinskNationalAirport
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!