У Мінску да 2030 года на вуліцах будзе выкарыстоўвацца толькі святлодыёднае асвятленне. Пра гэта паведаміў дырэктар “Мінгарсвятла” Аляксандр Варабцоў.
“Да 2030 года ў Мінску ўсё асвятленне пяройдзе на святлодыёды, што знізіць спажыванне энергіі і павысіць бяспеку на дарогах. Архітэктурная падсветка з’явіцца на дамах, якія прылягаюць да МКАД, другога транспартнага кальца і трэцяй лініі метро”, — сказаў ён.
Мадэрнізацыя вулічнага асвятлення стала тэмай нарады ў Мінгарвыканкаме ў панядзелак.
“Акрамя таго, горадам прынята рашэнне аб будаўніцтве сеткі ілюмінацыйнага асвятлення. У прыватнасці, плануем ім абсталяваць вуліцу Мірашнічэнкі ад вуліцы Гамарніка да МКАД, Партызанскі праспект ад вуліцы Алега Кашавога да плошчы Ванеева і вуліцу Арлоўскую (ад вуліцы Ціміразева да ракі Свіслач), а таксама плошчу Стары Аэрапорт”, — сказаў ён.