Мінэканомікі зноў адчыталася пра аптымізм у прамысловасці

Навіны
Фото: elly Sikkema / Unsplash.com

Інвестыцыйная актыўнасць прампрадпрыемстваў застаецца на высокім узроўні. Пра гэта заявілі ў прэс-службе Мінэканомікі, публікуючы некаторыя вынікі кан’юнктурнага апытання, праведзенага ў жніўні.

“Прагнозная ацэнка інвестыцыйнай актыўнасці мае аптымістычны характар. Яе рост у найбліжэйшыя тры месяцы плануюць 19% кіраўнікоў, 71% – захаванне бягучага ўзроўню”, – дадалі ў ведамстве.

Паводле яго інфармацыі, пра павышэнне альбо захаванне аб’ёмаў выпуску паведамілі 64% рэспандэнтаў, 70% адзначылі рост альбо стабільную дынаміку попыту. Доля адказаў пра скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі склала 38%, што на 3 п.п. больш, чым у ліпені.

“Сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі трэці месяц запар застаецца нязменным – 2,9 месяца”, – дадалі ў міністэрстве.

Другі месяц запар Мінэканомікі не стала публікаваць даныя пра ўзровень загрузкі вытворчых магутнасцей.

У далейшым кіраўнікі прадпрыемстваў разлічваюць на захаванне аб’ёмаў выпуску прадукцыі, 37% – на яго рост. Захаванне бягучага ўзроўню попыту прагназуюць 57% апытаных, 32% рэспандэнтаў – яго павелічэнне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.