Фото: t.me/dsns_telegram
Мінабароны РФ пацвердзіла нанясенне масіраванага ўдару балістычнымі ракетамі «Арэшнік», аэрабалістычнымі ракетамі «Іскандэр», гіпергукавымі аэрабалістычнымі ракетамі «Кінжал» і крылатымі ракетамі «Цыркон», крылатымі ракетамі паветранага, марскога і наземнага базавання, а таксама ўдарнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі па тэрыторыі Украіны.
Паводле версіі расійскага боку, удар наносіўся «па аб’ектах ваеннага кіравання, авіябазах і прадпрыемствах абаронна-прамысловага комплексу Украіны».
Раней украінскія ўлады паведамлялі, што ў ноч на 24 мая Расія нанесла масіраваны камбінаваны ўдар па Украіне. Асноўным напрамкам атакі стаў Кіеў. Паветраныя сілы УСУ зафіксавалі 690 сродкаў паветранага нападу — 90 ракет і 600 беспілотнікаў розных тыпаў. Паведамляецца пра пашкоджанне жылых дамоў, школ, супермаркетаў, гандлёвых цэнтраў і нежылых пабудоў. Ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
«Пуцін ужо і слова „ўра“ не можа нармальна вымавіць — шамкае, — а ўсё яшчэ сваімі ракетамі знішчае жылыя дамы. Тры расійскія ракеты супраць аб’екта водазабеспячэння, спаліў рынак, дзясяткі жылых дамоў пашкодзіў, некалькі звычайных школ. Запусціў свой „Арэшнік“ супраць Белай Царквы. Рэальна неадэкватныя», — распавёў у відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.