Мікіта Шацілін выйшаў на свабоду. Генпракуратура Украіны раскрыла дэталі справы

Мікіта Шацілін, дэпутат Ірпенскага гарадскога савета і сын прадстаўніцы дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Святланы Шацілінай, заявіў, што выйшаў на свабоду пасля затрымання.

Інфармацыя пра затрыманне Шатыліна СБУ з’явілася сёння. Украінскія публічныя каналы звязвалі яго з аперацыяй па спыненні схем ухілення ад мабілізацыі ў розных рэгіёнах краіны.

На відэа, запісаным пасля вызвалення, Шацілін пацвярджае, што яго затрымалі 26 мая.

«Даваць каментарыі па сутнасці справы забаронена законам згодна з артыкулам 387 КК. Хачу адзначыць, што з панядзелка прыступаю да выканання сваіх абавязкаў», — заявіў Шацілін. Артыкул 387 КК Украіны прадугледжвае адказнасць за разгалошванне даных папярэдняга следства.

Генеральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка заявіў аб раскрыцці схемы па ўхіленні ад мабілізацыі і вывазе людзей за мяжу. Сярод затрыманых ёсць дэпутат Ірпенскага гарадскога савета, але яго імя не называецца.

Як паведамляе Краўчанка, у схеме ўдзельнічалі 10 чалавек. Яны арганізоўвалі трансферы па краіне, канспірацыйныя маршруты, арандавалі кватэры і гасцініцы, выкарыстоўвалі радыёстанцыі, цеплавізары, дроны. Людзей перапраўлялі ў Румынію ў абыход пунктаў пропуску.

Сярод кліентаў былі як ваеннаабавязаныя, так і дзейныя вайскоўцы. За месяц удавалася перапраўляць не менш за 10 чалавек. З снежня 2025 года за мяжу такім чынам былі перапраўлены амаль 60 чалавек. Прыбытак групы ацэньваецца больш як у 700 тысяч долараў.

«Сярод удзельнікаў схемы — дэпутат Ірпенскага гарадскога савета і супрацоўнік паліцыі з Чарнавіцкай вобласці. Паводле даных следства, дэпутат перавозіў мужчын і выкарыстоўваў свой статус для мінімізацыі рызык падчас праверак. Паліцэйскі каардынаваў рух праз блокпасты», — паведамляе генеральны пракурор Украіны.

У ходзе аперацыі праведзена 27 ператрусаў у Чарнавіцкай вобласці і Кіеве. Канфіскаваны БПЛА, GPS-трэкер, цеплавізары, камеры відэаназірання, 58 мабільных тэлефонаў, 9 радыёстанцый, камп’ютарная тэхніка, чарнавыя запісы, экіпіроўка, зброя і наяўныя грошы ў розных валютах на суму больш за 2,5 млн грыўняў.

Як паведамляе Генпракуратура, усе ўдзельнікі схемы затрыманыя. Ім паведамлена аб падазрэнні па фактах незаконнай пераправы асоб праз дзяржаўную мяжу Украіны і перашкоджання законнай дзейнасці Узброеных сіл Украіны ў асаблівы перыяд.

Фота: gp.gov.ua
Фота: gp.gov.ua
Фота: gp.gov.ua
Фота: gp.gov.ua
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!