Метэазонды з цыгарэтамі ўпалі пад Варшавай

У суботу ў Мазавецкім ваяводстве ўпалі два метэазонды з цыгарэтамі, піша RMF FM.

Першы інцыдэнт адбыўся да поўдня 28 сакавіка ў лесе ў вёсцы Руднік паблізу Мінска-Мазавецкага, больш чым за 50 кіламетраў ад Варшавы, удалечыні ад жылых дамоў. Да шароў былі прымацаваныя пакеты з 4 тысячамі цыгарэт. Паліцыя пацвердзіла, што выяўленыя аб’екты з’яўляюцца кантрабанднымі шарамі.

Увечары таго ж дня аналагічны інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Ужут Прушкоўскага павета паблізу Надажына. Як паведамілі пажарныя, шар, які ўпаў, не ўяўляў небяспекі.

Выяўленыя аб’екты канфіскаваныя паліцыяй. Ніхто не пацярпеў.

Дакладнае месца паходжання шароў пакуль не ўстаноўлена, аднак, паводле дадзеных рэпарцёра RMF FM, усё паказвае на тое, што яны прыляцелі з Беларусі.

У апошнія тыдні ваенныя радыёлакацыйныя сістэмы неаднаразова фіксавалі аб’екты, якія ўлятаюць у польскую паветраную прастору з усходу. У большасці выпадкаў шары прызямляліся на Падляшшы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!