Пракуратура Мінскага раёна расказала пра нестандартны выпадак з практыкі разгляду зваротаў грамадзян.
Жыхарка Мінскага раёна звярнулася ў пракуратуру з просьбай аказаць садзейнічанне ў ліквідацыі прыватнага прадпрыемства, зарэгістраванага ў яе кватэры. З-за гэтага ёй даводзілася плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі па павышаных тарыфах.
Як высветлілася, жанчына купіла кватэру ў 2023 годзе. Прыватнае прадпрыемства было зарэгістраванае былымі ўласнікамі. Яно знаходзілася ў працэсе ліквідацыі з 2019 года. Гэта парушае ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін для ліквідацыі.
Адзіны заснавальнік прыватнага прадпрыемства выехаў з Беларусі. Заяўніца ж не магла самастойна звярнуцца ў суд з заявай аб ліквідацыі ПП, бо не з’яўлялася крэдыторам прадпрыемства.
Пракуратура раёна ў інтарэсах дзяржавы прад’явіла ў суд іскавую заяву аб ліквідацыі прыватнага прадпрыемства ў сувязі з парушэннем устаноўленых заканадаўствам парадку і тэрмінаў ліквідацыі. Паводле вынікаў разгляду заявы суд задаволіў іскавыя патрабаванні. У выніку прыватнае прадпрыемства ліквідавалі, а жанчына атрымала тарыфы на ЖКП для насельніцтва.