Передвижной контрольный пункт на одном из переходов. Источник фото: t.me/MAYDAYMog
Да канца мая кантроль на беларуска-расійскай мяжы застаецца ўзмоцненым, праверкі праводзяцца суцэльным метадам, аднак адзіных правілаў на ўсіх КПП па-ранейшаму няма, піша Mayday.Team.
Паводле інфармацыі рэсурсу, на трасе Віцебск — Смаленск акрамя рэгістрацыі пашпартных даных у камп’ютары пачалі правяраць тэхнічны пашпарт на аўтамабіль і страхоўку.
На галоўнай магістралі М1 Мінск — Масква памежнікі фатаграфуюць пашпарты для паскарэння працэсу, у памежную будку запрашаюць не заўсёды, аднак абавязкова аглядаюць багажнік. Павышаная ўвага надаецца грамадзянам Расіі.
На КПП пры ўездзе ў Беларусь з боку Санкт-Пецярбурга памежнікам выдалі аўтаматы Калашнікава, што, як піша рэсурс, здзівіла і занепакоіла пасажыраў. Паводле іх слоў, раней вайскоўцы былі або без зброі, або з пісталетамі.
Кантроль уведзены і на чыгуначных маршрутах. З 3 красавіка на станцыі прызначэння суцэльным метадам правяраюць пашпарты пасажыраў рэгіянальных цягнікоў Віцебск — Смаленск і Орша — Смаленск.
З 2017 года ў Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцях на беларуска-расійскай мяжы дзейнічае памежная зона з асаблівым рэжымам. У яе не ўваходзяць толькі міжнародныя трасы. Аб’езд КПП патрабуе спецыяльнага дазволу на знаходжанне ў пяцікіламетровай паласе ўздоўж мяжы.